Іх норавы: карупцыйны скандал, прэзідэнт у паліцыі і лісты Санце
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Сельскі настаўнік не адолеў "правакоў" у Кангрэсе, Еўрапарламент сутыкнуўся з найбуйнейшым карупцыйным скандалам, а карыстальнікі Твітару даведаліся, дзе заканчваецца свабода слова па Ілану Маску.
Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.
Які заўгодна, толькі не стабільны
Новы прэзідэнт — жанчына, а стары прэзідэнт у паліцэйскім участку. Гэта навіна з Перу, але ў ёй няма нічога добрага. У краіне пратэсты, сотні людзей атрымалі раненні, ёсць ахвяры, піша ВВС.
У 2020 годзе ў Перу за пяць дзён змянілася тры прэзідэнты — у тры разы больш, чым калі-небудзь было ў Беларусі. Гэтая нестабільнасць здавалася б скончылася ў 2021 годзе, калі лідарам Перу выбралі школьнага настаўніка Педра Касцільё. Ён паабяцаў, што ў багатай краіне больш не будзе бедных. І сам збіраўся працягваць жыць на заробак звычайнага настаўніка.
Тое, што так добра пачыналася, скончылася імпічментам. Крыху болей за год, пакуль левы прэзідэнт Касцільё быў ва ўладзе, яму тройчы спрабаваў абвясціць імпічмент правы парламент. Былы школьны настаўнік са сціплай сельскай мясцовасці не меў ні сувязяў, ні ўплыву, і яму з самага пачатку было складана кіраваць варожым да яго Кангрэсам.
— Мы ведаем, што Касцільё дзейнічаў нерашуча. Але гэты кангрэс адвярнуўся ад яго і наклаў на яго мноства абмежаванняў. Правыя кіруюць краінай больш за 30 гадоў, і ім балюча, што левыя перамаглі. Упершыню мы адчулі сябе прадстаўленымі, і мы абураныя тым, што яны забралі гэтую надзею, — цытуе ВВС аднаго з пратэстоўцаў.
І вось за некалькі гадзін да таго, як парламент у трэці раз збіраўся прагаласаваць па пытанні імпічменту, Касцільё сказаў, што распускае яго і ўводзіць у краіне надзвычайнае становішча. Калі ён чытаў гэты тэкст, рукі ў яго трэсліся. Тады дэпутаты тэрмінова сабраліся, каб прагаласаваць за імпічмент — і вось ужо перуанская паліцыя публікуе кадры з Касцільё ў пастарунку. А за часовага лідара Перу цяпер віцэ-прэзідэнт Дзіна Балуартэ.
Як справядліва заўважае ВВС, урад Перу апошнімі гадамі быў які заўгодна, толькі не стабільны. Праўда, рэйтынгі Касцільё былі не вельмі высокія. Але ў Кангрэса — яшчэ ніжэйшыя. Усё гэта вылілася ў жорсткія сутычкі з паліцыяй.
Карупцыйны скандал у Еўрапарламенце
У Катары на гэтым тыдні заканчваецца Чэмпіянат свету па футболе, а ў Еўрапарламенце толькі разгараецца ўскосна звязаны з ім карупцыйны скандал. Адна з абвінавачаных — віцэ-старшыня Еўрапарламента Ева Кайлі, яе ўжо адхілілі ад пасады.
Чатырох чыноўнікаў Еўрапарламента падазраюць у хабарніцтве. На думку следства, неназваная краіна Персідскага заліва падкупляла чыноўнікаў, каб уплываць на эканамічныя і палітычныя пастановы Еўрапарламента, піша ВВС.
Пракуратура не называе гэтую ананімную "краіну Персідскага заліва", але еўрапейскія медыя з першых жа дзён пішуць пра Катар. І ўзгадваюць, як літаральна гэтай восенню Кайлі выступала ў парламенце з гарачай прамовай у абарону Катара, калі ўвесь свет спрачаўся, ці этычна праводзіць чэмпіянат свету па футболе ў гэтай краіне.
І Катар, і Кайлі, і іншыя падазраваныя ўсё адмаўляюць, а прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль выказвае заклапочанасць. А калі дакладней, Барэль заявіў, што ўсё гэта "вельмі, вельмі трывожна". Новая фармулёўка ў ваш слоўнічак дыпламатыі.
Каго можа заблакаваць Ілан Маск
Стала вядома, дзе заканчваецца свабода слова па Ілану Маску. Новы ўладальнік Twitter падае ў суд на аўтара акаўнта, які адсочвае яго прыватны самалёт.
Акаўнт ужо заблакавалі ў Twitter. Яго ўладальнік, 20-гадовы Джэк Суіні, выкарыстоўваў адкрытую інфармацыю аб авіярэйсах і публікаваў твіты кожны раз, калі самалёт Маска ўзлятаў і прызямляўся.
Маск кажа, што гэта выклікала праблемы у яго сына. Нядаўна ўтрапёны пераследнік адсачыў рэйс і, думаючы, што на ім прыляцеў Маск, калі самалёт сеў, адсачыў аўто, у якім павінен быў ехаць Маск. Але ў машыне апынуўся не ўладальнік Twitter, а ягоны сын.
ВВС піша, што калісьці Маск спрабаваў мірна развязаць праблему з Суіні і прапаноўваў яму 5 тысяч долараў за выдаленне акаўнта. Цяпер у Маска ёсць не толькі грошы, але і бязмежная ўлада над Твітарам. Па яго словах, любы ўліковы запіс, стваральнікі якога выдаюць месцазнаходжанне людзей у рэальным часе, будзе заблакаваны. Таму што гэта "парушэнне фізічнай бяспекі".
Any account doxxing real-time location info of anyone will be suspended, as it is a physical safety violation. This includes posting links to sites with real-time location info.
— Elon Musk (@elonmusk) December 15, 2022
Posting locations someone traveled to on a slightly delayed basis isn’t a safety problem, so is ok.
Пры гэтым акаўнт Дональда Трампа Маск нядаўна разблакаваў, параіўшыся з карыстальнікамі сацсеткі і вырашыўшы, што заклікі экс-прэзідэнта ЗША фізічнай бяспецы людзей, відаць, не пагражаюць.
Калі вы яшчэ не сочыце за тым, як Маск будуе новае грамадства — тэрмінова падключайцеся, вы яшчэ паспяваеце.
Не курыць. Ніколі
І пра іншыя радыкальныя рашэнні. Новая Зеландыя забароніць цяперашнім падлеткам курыць. Назаўжды.
З наступнага года ў краіне ўвядуць практычна поўную забарону на тытунь. "Практычна поўную" азначае, што любы чалавек, які нарадзіўся пасля 2008 года, ужо ніколі не зможа купіць цыгарэты ці іншыя тытунёвыя вырабы, піша ВВС.
Парламентарыі ўхвалілі адпаведны закон 12 снежня. Міністр, якая прадстаўляла законапраект у парламенце, лічыць гэта крокам "да бяздымнай будучыні".
"Тысячы людзей пражывуць больш доўгае і здаровае жыццё", — кажа міністр аховы здароўя Аеша Верол. А яшчэ можна будзе ашчадзіць больш за 3 млн долараў дзякуючы таму, што не давядзецца лячыць хваробы, якія выклікае курэнне.
Праўда, крытыкі законапраекта лічаць, што такія радыкальныя меры могуць спрыяць арганізацыі чорнага рынку тытунёвых вырабаў.
Аб чым просяць дзеці бежанцаў?
А ў Германіі дзеці ўкраінскіх бежанцаў просяць нямецкага Санту, каб хутчэй скончылася вайна, распавядае нямецкі Bild.
Калядныя паштовыя аддзяленні кожную зіму прымаюць дзіцячыя лісты. Дзеці адрасуюць лісты Немаўляці Хрысту або Святому Мікалаусу.
“Нам часта пішуць дзеці-бежанцы, якія знаходзяцца тут, у Германіі, і якім, напрыклад, прыйшлося разлучыцца з адным з бацькоў. Сумна чытаць такія лісты", — цытуе выданне каардынатара па рассыланню лістоў Сабіну Герэке.
Сёлета 40 чалавек дапамагаюць Святому Мікалаусу апрацоўваць лісты. І яны пастараюцца адказаць кожнаму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.