Іх норавы: мафіёзі ў піцэрыі, касцюм ад паўстання машын і адзін вялікі цуд

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На амерыканскую кангрэсменку Энджы Крэйг напалі ў ліфце яе вашынгтонскага шматпавярховіка, піша ВВС. Кангрэсменка не разгубілася і запусціла ў нападніка кубачкам з гарачай кавай. А пасля гэтага спакойна адправілася на паседжанне Кангрэса.

"Ніхто не звязваецца з Энджы", — напісалі ў твітары яе паплечнікі па партыі.

Жадаем вам вытрымкі Энджы і расказваем, што яшчэ здарылася ў свеце. 
 

Шок, гора і Ая

"Шок змяняецца горам", — так журналіст ВВС апісвае землятрусы ў Турцыі і Сірыі. Катастрофа забрала жыцці больш чым 22 тысяч чалавек. Ратавальнікі працягваюць працаваць, спрабуючы выратаваць тых, хто яшчэ застаецца пад заваламі.

І раптам — цуд. У Сірыі пад абломкамі дома знаходзяць нованароджаную дзяўчынку. Калі ратавальнікі дабраліся да дзіцяці, яно ўсё яшчэ было звязанае пупавінай з маці.

Их нравы: мафиози в пиццерии, костюм от восстания машин и одно большое чудо
Наступствы землятрусу ў Ідлібе / EPA

Але і маці, і бацька, і чацвёра братоў і сясцёр дзяўчынкі загінулі ў гэтай катастрофе. Далёкі сваяк адвёз яе да дактароў, яна ўсё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. І ўжо тысячы людзей у сацыяльных сетках прапануюць удачарыць дзіця — Аю. Гэтае імя ў перакладзе з арабскай значыць "цуд".

Пакуль што дзяўчынку даглядае доктар. Яго сям'я паабяцала клапаціцца пра Аю, пакуль у дзяўчынкі не з'явіцца прыёмная сям'я.
 

Хто падарваў паток?

Амерыканскі журналіст-даследчык Сэймур Херш напісаў, што "Паўночны паток" падарвалі амерыканскія вадалазы па ўказанні прэзідэнта Джо Байдэна. Ён спаслаўся ў сваім расследаванні толькі на адну крыніцу, Белы дом сказаў, што ўсё гэта "поўная выдумка", — і пачалося.

Само сабой, у Крамлі вынікі расследавання ўсім спадабаліся. Расійская прапаганда ўспомніла, што Херш — не проста журналіст, а лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі і экс-журналіст New York Times. Як такому не паверыць.

The Insider напісаў: так, Херш сапраўды атрымаў Пулітцэра — але даўно, у 1970 годзе. Маўляў, з тых часоў асаблівых поспехаў ён не дамагаўся, і наогул ягоная заява стала "падарункам Пуціну".

У выніку замест абмеркавання "Паўночнага патоку" ўсё звялося да абмеркавання асобы Херша. Лаўрэат ён ці не лаўрэат, даследчык ці не даследчык? Звар'яцеў ці ўсё-такі не?

Их нравы: мафиози в пиццерии, костюм от восстания машин и одно большое чудо
Выбух на "Паўночным патоку" / фота Дацкага флоту

Reuters не стаў заломваць рукі і спакойна расказаў пра журналіста, які не ўпершыню сутыкаецца з крытыкай. У канцы 60-х Херш выкрыў масавае забойства жыхароў паўднёвав'етнамскай вёскі амерыканскімі войскамі. Вынікі яго расследавання дапамаглі пакласці канец вайне ў В'етнаме. Херш напісаў пра гэта кнігу, за якую атрымаў Пулітцэраўскую прэмію.

У 2015 годзе Херш сутыкнуўся са шквалам крытыкі. Ён апублікаваў артыкул, у якім гаварылася, што ўрады ЗША і Пакістана зманілі пра дэталі рэйду амерыканцаў, у выніку якога ў Пакістане быў забіты Усама бен Ладэн. Паводле Херша, Пакістан трымаў бен Ладэна ў палоне і загадзя ведаў пра рэйд. Абодва ўрады выступілі з абявяржэннем гэтых сцверджанняў.

Reuters прызнаў, што яго журналісты не змаглі самастойна праверыць вынікі расследавання Херша пра "Паўночны паток", але ад таго, каб называць яго вар'ятам, устрымаліся.

Нагадваем, што тады здарылася. У водах Швецыі і Даніі на дне мора адбыліся выбухі. Пацярпеў той самы "Паўночны паток". Гэтыя трубаправоды — шматмільярдныя інфраструктурныя праекты. Іх будавалі, каб транспартаваць расійскі газ у Германію па дне Балтыйскага мора.

Швецыя і Данія тады заявілі, што выбухі былі наўмыснымі, але хто за імі стаіць — не сказалі. ЗША і NATO назвалі выбухі "актам сабатажу", Масква абвінаваціла ва ўсім Захад. Ні адзін з бакоў не прадставіў доказаў, і пра выбухі ўсе забылі.
 

Піцэола па-за законам

А італьянская паліцыя ва ўдары. У мінулым месяцы яна арыштавала супербоса сіцылійскай "Коза ностры" Матэа Дэнара. Яго затрымалі ў паліклініцы ў Палерма. А на гэтым тыдні злавілі яшчэ аднаго мафіёзі, піша CNN. Эдгарда Грэка працаваў майстрам піцы ў Францыі ў італьянскім рэстаранчыку.

Гэтага піцэолу падазраюць у сувязях з калабрыйскай мафіяй. Яшчэ ў 90-я яго завочна асудзілі за двайное забойства — і з тых часоў яму ўдавалася збягаць ад італьянскай паліцыі. Але мафіёзі згубіла прага славы.

Французская газета Le Progres апублікавала артыкул пра рэстаран, у якім працаваў Грэка. У артыкуле згадалі і самога піцэолу. Рэстаран рэпостнуў гэтую публікацыю, і на яе звярнуў увагу італьянскі пракурор па барацьбе з мафіяй Нікола Гратэры.

Их нравы: мафиози в пиццерии, костюм от восстания машин и одно большое чудо
Піца / pixabay

Прага ўвагі ўласцівая босам мафіі, кажа італьянскі журналіст і пісьменнік Рабэрта Савіяна.

"Гэта тыпова. Паглядзіце на Эль Чапа. Ён хацеў сустрэцца з Шонам Пэнам, які хацеў зняць пра яго фільм. А Аль Капонэ хацеў трапіць на здымачную пляцоўку фільма "Твар са шнарам", — цытуе Савіяна CNN.

Уласна, калі б не жаданне быць згаданым у артыкуле пра піцэрыю, Эдгарда Грэка мог бы ўсё яшчэ спакойна раскочваць цеста дзесьці ў Францыі. Пра гэта б CNN не пісаў. Так што, мафіёзі, далоў сарамлівасць — раскажыце пра сябе ўсё.
 

Уратуй сябе ад паўстання машын

Італьянскі модны стартап Cap_able выпусціў калекцыю трыкатажнага адзення, якая абараняе ад сістэмы распазнавання твараў. Калекцыю назвалі Manifesto, піша Dezeen. На вопратцы — розныя ўзоры, распрацаваныя алгарытмамі штучнага інтэлекту для абароны ад штучнага інтэлекту!

Их нравы: мафиози в пиццерии, костюм от восстания машин и одно большое чудо
Хотите такой свитер?

ШІ будзе блытацца і не зможа ідэнтыфікаваць вас як чалавека. Нейрасетка падумае, што вы наогул не чалавек, а жывёліна.

У гэтым поўным пагрозаў свеце абаронім сябе хаця б ад паўстання машын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі