Іх норавы: Расія на антыдэпрэсантах і дэмакратыя з кулакамі

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Раскажам пра злых выбаршчыкаў, крыўдлівых чыноўнікаў і навіны каралеўскага двара. Адным словам, пра ўсё, што вы маглі прапусціць на гэтым тыдні, пакуль чыталі памяткі на выпадак ядзернай вайны.
 

Расія перайшла на антыдэпрэсанты

У Расіі на мінулым тыдні выраслі продажы антыдэпрэсантаў, пішуць "Ведомости". У першыя тры дні пасля таго, як Уладзімір Пуцін абвясціў мабілізацыю, людзі сталі скупляць заспакаяльныя. Продажы выраслі на 38% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Гэта гаворыць пра настроі расіян больш, чым усе апытанні грамадскай думкі. На жаль, пакуль адзіным па-сапраўднаму рабочым спосабам барацьбы са стрэсам у Расіі можна назваць білет па маршруце "далей ад Расіі".
 

"Вазьміце ў мяне інтэрв'ю"

Хто бачыў бразільскія выбары, таго ўжо не ўразіць бітва паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі ў ЗША. У гэтыя выходныя за прэзідэнцкую пасаду ў найбуйнейшай дэмакратыі Паўднёвай Амерыкі будуць змагацца правы кандыдат Жаір Балсанару, якога называюць "трапічным Трампам", і прыхільнік левых ідэй Лулу да Сілва. І чым бліжэй выбары, тым злейшыя выбаршчыкі.

"Сёлета мы назіраем эмацыйную палярызацыю — калі розныя палітычныя групы бачаць адна ў адной ворагаў, а не праціўнікаў", цытуе CNN Фэліпэ Нуньеса, гендырэктара даследчага інстытута, які праводзіць апытанні грамадскай думкі ў Бразіліі.

Их нравы: Россия на антидепрессантах и демократия с кулаками
"Розныя палітычныя групы бачаць адна ў адной ворагаў, а не праціўнікаў" / pixabay

CNN піша, што мішэнямі становяцца нават "нейтральныя гульцы" накшталт інстытутаў грамадскай думкі. Так, адзін даследчы інстытут расказаў, што яго супрацоўніка збілі за адмову ўзяць каментар у прыхільніка Балсанару, які вельмі ўжо хацеў выказацца. А потым яшчэ і пагражалі нажом.

Калі ваша дэмакратыя падобная да гэтай, нават не думайце запрашаць.
 

Хто пашкодзіў Паўночны паток?

Гэтага ніхто не ведае, і ўсё абвінавачваюць адно аднаго. Але што не менш важна — наколькі гэтыя пашкоджанні небяспечныя для прыроды?

Фінскія медыя пішуць, што калі ўвесь метан, які цяпер знаходзіцца ў трубах, выцеча за тыдзень, то акваторыя Балтыкі зможа гэта перажыць. І хоць метан небяспечны для клімату і яго выкіды паскараюць глабальнае пацяпленне, гэтых аб'ёмаў усё ж недастаткова для таго, каб абвяшчаць кліматычную катастрофу. Нават калі з пашкоджаных труб "Паўночнага патоку" выцеча наогул увесь метан — а гэта наўрад ці здарыцца, кажуць эксперты.

Калі, прачытаўшы навіну пра сабатаж на дне Балтыйскага мора, вы махнулі рукой на клімат і вырашылі больш не сартаваць смецце — працягвайце. Тэрарысты, сабатажнікі і палітыкі пакуль не звялі вашы намаганні на нішто.

Их нравы: Россия на антидепрессантах и демократия с кулаками
Выбух на газаправодзе / Нарвежскія ўзброеныя сілы

Калі я ўкраў — затрымайце мяне

Экс-прэзідэнта Замбіі Эдгара Лунгу абразілі. Яго, яго сямейнікаў і чыноўнікаў, якія ўваходзілі ў склад яго ўрада, падазраюць у карупцыі, піша ВВС.

У самога Эдгара Лунгу — канстытуцыйны імунітэт, па законе ў дачыненні да яго судовы пераслед немагчымы. Але былы прэзідэнт робіць нетрывіяльна: ён звяртаецца да свайго пераемніка Хакаіндэ Хічылемэ і просіць пазбавіць яго імунітэту.

"Я настойваю на тым, каб прэзідэнт зняў маю недатыкальнасць", — кажа Лунгу. Таму што тады ён зможа адправіцца ў суд і абараняць сваё імя.

Калі палітыкі ва ўсім свеце зноў змогуць думаць пра нешта, акрамя ядзернай вайны, хай успомняць гэтую навуку абароны гонару і годнасці з Замбіі.


Кароль у профіль

А цяпер возьмем вышэй і пагаворым не пра прэзідэнтаў, а пра каралёў. У Вялікабрытаніі выпусцілі першыя 50-пенсавыя манеты з відарысам караля Карла III. Па традыцыі, у адрозненне ад каралевы, партрэт караля на манетах малююць без кароны, расказвае ВВС.

Дарэчы, Карл вырашыў адысці ад адной старой традыцыі. Па правілах імя караля на манетах пішацца на лаціне. Гэта значыць, на манетах яго трэба было падпісаць "Карлусам". Але новы манарх вырашыў выбраць для чаканкі простае імя Карл. Калі карона галаву караля на манеце не ўпрыгожвае, то прастата і сціпласць — дакладна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі