Іх норавы: шлем чалавека-мурашкі, прэзідэнт на Мальдывах і сардэчнае эмодзі
Тыдзень заканчваецца, а ў Шры-Ланцы ўсё толькі пачынаецца. У краіне больш няма нялюбага прэзідэнта, але хто стане новай уладай, пакуль незразумела.
Біл Гейтс збіраецца пакінуць спіс самых багатых людзей свету, каб узначаліць новы спіс. А хлопчык, з якім ніхто не сябраваў, раптам атрымлівае ў падарунак шлем чалавека-мурашкі і тысячы прапаноў сяброўства з усяго свету.
Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.
Occupy Shri-Lanka
Такім чынам, мінулы тыдзень скончыўся тым, што пратэстоўцы ў Шры-Ланцы штурмавалі прэзідэнцкую рэзідэнцыю. Вы напэўна бачылі вясёлыя кадры, на якіх зняты мяцежнікі, што акупавалі прэзідэнцкі палац і прэзідэнцкі басейн.
Але ў Шры-Ланцы не заўсёды так весела. Пратэсты пачаліся таму, што людзі некалькі месяцаў сутыкаліся з нястачай прадметаў першай неабходнасці, ад прадуктаў да лекаў, і перабоямі ў электразабеспячэнні. Многія абвінавацілі ў гэтым прэзідэнта і яго ўрад.
І вось ужо на гэтым тыдні прэзідэнт Гатабая Раджапакса заяўляе, што згодны пайсці ў адстаўку. Уночы на сераду ён разам з сям'ёй ляціць на Мальдывы, піша ВВС.
Сыходзячы з пасады, Раджапакса прызначае выканаўцам абавязкаў прэзідэнта свайго прэм'ера і аб'яўляе ў краіне надзвычайнае становішча.
Але пратэстоўцы не хочуць, каб абавязкі прэзідэнта выконваў прэм'ер. Яны штурмуюць цяпер яшчэ і яго офіс і ўступаюць у супрацьстаянне з паліцыяй. Слезацечны газ не спыняе натоўп, яны зносяць частку брамы і залазяць на тэрыторыю.
І вось сусветныя СМІ аблятаюць кадры чарговага ўдалага ланкійскага штурму. Басейна на тэрыторыі офіса прэм'ера мы не бачым, толькі шыкоўныя інтэр'еры, акупаваныя пратэстоўцамі. Але больш нічога вясёлага: у выніку гэтых пратэстаў 1 чалавек загінуў і 84 атрымалі раненні.
Яўнага лідара ў пратэставага руху няма, былы прэзідэнт на Мальдывах, і хто будзе выводзіць краіну з крызісу — пакуль незразумела.
У збожжа з'явіўся шанец. У света — таксама
Дэлегацыі Украіны і Расіі сустрэліся ў сераду ў Турцыі разам з дыпламатамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб абмеркаваць аднаўленне паставак збожжа з заблакаваных украінскіх партоў Чорнага мора, піша Washington Post.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш задаволены і называе гэта прагрэсам. Ён шмат разоў папярэджваў, што акрамя відавочных бед вайна Расіі ва Украіне прынясе яшчэ і сусветны голад. Адзін са спосабаў справіцца з ім — даць збожжу выехаць з партоў.
Гейтс пакідае спіс самых багатых
Біл Гейтс збіраецца пакінуць спіс самых багатых людзей свету і ўзначаліць іншы спіс — самых шчодрых. У сваім твітар-акаўнце ён напісаў, што збіраецца аддаць дабрачыннаму фонду амаль усё сваё багацце.
As I look to the future, I plan to give virtually all of my wealth to the foundation. I will move down and eventually off of the list of the world’s richest people.
— Bill Gates (@BillGates) July 13, 2022
У гэтым месяцы Гейтс плануе перадаць у фонд, якім кіруе сумесна з былой жонкай Меліндай, 20 млрд долараў. А гэта значыць, што агульная сума ахвяраванняў ад Гейтсаў за ўсе гады перавысіла паўсотні мільярдаў долараў.
Гэтай лічбай Гейтс заяўляе: багатыя філантропы павінны дзейнічаць больш рэзка і дапамагаць проста цяпер. А не спрабаваць падоўжыць жыццё сваіх фондаў на стагоддзі, піша Forbes.
Новыя эмодзі!
Цяпер вам будзе прасцей выказваць эмоцыі без слоў. Партал Emojipedia апублікаваў папярэднія версіі новага набору эмодзі ад Unicode. Канчаткова смайлікі будуць зацверджаны толькі ўвосень.
Такім чынам, у набор увайшлі доўгачаканыя блакітнае і ружовае сэрцы, адзначае часопіс "Правила жизни". А яшчэ імбір, гарохавы струк, веер, маракасы, крумкач, лось, медуза, гусь, калі яны з нейкай прычыны былі вам патрэбныя.
Акрамя сэрцайкаў, з карысных смайлікаў — дрыготкая галава. Калі вы чытаеце не толькі агляды сусветных навін ад Еўрарадыё, гэты смайлік можа вам спатрэбіцца.
Хлопчык, з якім ніхто не сябраваў
Калі вы яшчэ не чулі пра гэтую гісторыю, мы хочам, каб вы даведаліся пра яе ад нас. У малодшакласніка Бродзі ў адной з амерыканскіх школ не было сяброў, расказваюць "Правила жизни". У канцы года амаль ніхто не пакінуў яму пажаданняў добрага лета ў дзённіку. Пра гэта даведалася мама — і выклала паўпустую старонку з дзённіка пажаданняў у закрытую групу для бацькоў.
Тамсама яна напісала, што яе сын нядаўна перайшоў у новую школу. Сяброў завесці не паспеў — затое паспеў сутыкнуцца з цкаваннем.
Выпадкова пра гэтую гісторыю даведаліся старшакласнікі. І спісалі дзённік Бродзі пажаданнямі! А потым пра гэтую гісторыю даведаліся журналісты Washington Post. А потым акцёр Том Рад, выканаўца ролі чалавека-мурашкі, расказвае Entertainment Weekly.
Рад даслаў маленькаму Бродзі шлем чалавека-мурашкі, у якім здымаўся ў "Мсціўцах", і напісаў ліст, у якім называў Бродзі сваім сябрам. Само сабой, гэтым справа не скончылася, і людзі ў сацсетках пачалі запісваць Бродзі відэазвароты.
Вось так трохі эмпатыі і шлем чалавека-мурашкі могуць зрабіць лепшым нават самы невясёлы агляд навін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.