Іх норавы: суд над прэзідэнтам, уражлівыя школьнікі і цудоўнае выратаванне ката

Их нравы: суд над Трампом, впечатлительные школьники и спасение кота

У Расіі затрымалі журналіста Wall Street Journal. ФСБ заявіла, што яго падазраюць у шпіянажы — журналіст нібыта спрабаваў выведаць дзяржаўную тайну, пісала CNN. Нават у Беларусі ўразіліся і пачалі абмяркоўваць: а ці абыходзіліся ў нас так з замежнікамі, ці толькі са сваімі?

Якія таямніцы выведвалі замежныя журналісты на гэтым тыдні і пра што пісалі сусветныя медыя — у рэгулярным пятнічным аглядзе ад Еўрарадыё. 
 

Першы прэзідэнт, які пойдзе ў крымінальны суд

Дональд Трамп можа стаць першым прэзідэнтам ЗША, якому выставяць крымінальныя абвінавачванні. Пакуль гэта ўсё, што дакладна вядома. ВВС са спасылкай на амерыканскія медыя піша, што абвінавачванняў супраць Трампа шмат — каля двух дзясяткаў. Яны звязаныя з тым, што Трамп падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 года нібыта заплаціў за маўчанне былой порнаактрысе Стормі Дэніэлс.

Их нравы: суд над Трампом, впечатлительные школьники и спасение кота
Трамп падчас перадвыбарнай кампаніі 2016 года нібыта заплаціў за маўчанне былой порнаактрысе Стормі Дэніэлс / pixabay

Успомнім, што тады адбылося. Штормі Дэніэлс звязалася з медыя і прапанавала прадаць інфармацыю пра сваю інтрыжку з Трампам у 2006 годзе. Каманда Трампа звязалася з ёй, і адвакат прапанаваў прадаць маўчанне — за 130 тысяч даляраў. Само па сабе гэта не з'яўляецца незаконным.

Але калі Трамп кампенсаваў выдаткі свайму адвакату, у справаздачы аб плацяжы запісалі пералічэнне як "судовыя выдаткі". І пракуроры кажуць, што гэта — "фальсіфікацыя бізнес-дакументаў". А ў Нью-Ёрку гэта ўжо само па сабе крымінальнае злачынства. І яшчэ пракуроры могуць заявіць, што Трамп спрабаваў схаваць плацёж акторцы, каб увесці ў зман выбаршчыкаў — і абяліць свой імідж. А гэта ўжо могуць падаць і як парушэнне закона аб выбарах.

Але наогул нават прыхільнікі крымінальнага пераследу Трампа кажуць, што выпадак далёка неадназначны.

Увогуле, на наступным тыдні Трампу давядзецца выехаць з Фларыды ў Нью-Ёрк, каб паўстаць перад судом. Сам ён справу супраць сябе раскрытыкаваў і назваў палітычным пераследам. Бо ўжо вядома, што Трамп планаваў зноў пайсці на выбары і штурмаваць Белы дом. Метафарычна, а не як з Капітоліем. І суд можа яму перашкодзіць.

Их нравы: суд над Трампом, впечатлительные школьники и спасение кота
Дональд Трамп / pixabay

Ёсць цікавы нюанс. Некалькі гадоў таму, калі Трамп сыходзіў з пасады, ён мог памілаваць каго заўгодна — так робяць Амерыканскія прэзідэнты ў свой апошні дзень дзень у Белым доме. Хадзілі чуткі, што Трамп абдумваў, ці не памілаваць на будучыню самога сябе, бо баяўся, што сутыкнецца з пераследам з боку апанентаў. Але перадумаў — ці яго адгаварылі дарадцы.

Але ўся гэтая справа выходзіць за рамкі проста чарговага скандалу вакол Трампа, піша аглядальнік ВВС у Вашынгтоне Гары Адонах'ю. І не толькі таму, што нічога падобнага ні вы, ні Амерыка яшчэ не бачылі.

У пэўным сэнсе, абвінавачванне былога кіраўніка дзяржавы ў здзяйсненні злачынства і, можа, нават адпраўка ў турму — гэта не навіна. Гэта адбывалася ва ўсім свеце. Але Амерыка лічыць сябе выключнай.

Так што ўступленне ў гэты клуб — праблема не толькі для Дональда Трампа. Гэта яшчэ адзін удар па ўпэўненасці і самаўпэўненасці Амерыкі.

Краіна падзеленая. З адноўленым напорам Кітая і расійскай агрэсіяй ва Украіне геапалітычныя выклікі нарастаюць на многіх франтах і пагражаюць статусу ЗША ва ўсім свеце.
 

Проста ўступі ў NATO

Турцыя ўхваліла заяўку Фінляндыі на ўступленне ў NATO, піша CNN.

Абедзве краіны дзесяцігоддзямі адмаўляліся ўступаць у NATO. Але калі Расія пайшла вайной на Украіну, вырашылі перагледзець свой нейтральны статус.

З прыёмам Фінляндыі ў чальцы альянсу мяжа NATO з Расіяй павялічылася ўдвая

Загваздка ў тым, што любая дзяржава-чалец NATO можа накласці вета на ўступленне новай краіны ў шэрагі альянсу. І гэтым правам вырашылі скарыстацца Турцыя і Венгрыя.

Рэджэп Эрдаган абвінавачваў Фінляндыю і Швецыю ў тым, што яны хаваюць курдскія тэрарыстычныя арганізацыі, а Віктар Орбан скардзіўся, што краіны распаўсюджваюць "адкрытую хлусню" пра Венгрыю.

У дачыненні да Фінляндыі абедзве краіны ўсё ж памякчэлі. Але па-ранейшаму за бортам NATO застаецца Швецыя. Турцыя патрабуе, каб шведы выдалі ім тых курдаў, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі. А Венгрыя кажа, што стасункі са Стакгольмам у Будапешта "з гадамі патрапаліся". Так што яшчэ трэба будзе пераадолець шмат рознагалоссяў, перш чым можна будзе думаць пра суседства ў адным ваенна-палітычным блоку.

Перадаем прывітанне аналітыкам, якія пасля навіны аб планах Пуціна размясціць у Беларусі ядзерную зброю пачалі казаць, што Беларусі трэба проста ўступіць у NATO.
 

Ды гэта ж парнаграфія!

Бацькі паскардзіліся, і дырэктара вымусілі звольніцца. Гэта не тое, пра што вы падумалі — гэта пачатак гучнага і можна нават сказаць цывілізацыйнага канфлікту Еўропы і ЗША.

Усё пачалося ў адной са школ Фларыды. Праходзілі эпоху Адраджэння, распавядае ВВС. Шасцікласнікам на ўроку паказалі "Давіда" Мікеланджэла, а яшчэ "Нараджэнне Венеры" Сандра Батычэлі. Гэта значыць, адны з галоўных узораў мастацтва Адраджэння.

Не, парнаграфію! — абурыўся адзін з бацькоў.

"Фларэнтыйскі музей узбройвае Давіда Мікеланджэла паляўнічай стрэльбай, каб зрабіць яго больш прывабным для амерыканцаў".

Высветлілася, што папярэдні дырэктар рассылаў бацькам паведамленні пра тое, што на ўроку будуць праходзіць Мікеланджэла. А новы дырэктар гэтага не зрабіла. І школьны савет паставіў яе перад выбарам: сысці або яе звольняць.

За дырэктара заступілася Фларэнцыя, у музеях якой, уласна, і захоўваюцца працы Мікеланджэла і Батычэлі. У Фларэнцыі, мякка кажучы, уразіліся.

Выкладаць эпоху Рэнесансу, не паказваючы Давіда — безумоўны сімвал мастацтва і культуры гэтай гістарычнай эпохі, — не мела б ніякага сэнсу, — лічыць Сесіль Холберг, якая ўзначальвае галерэю Акадэміі прыгожых мастацтваў.

Холберг лічыць, што ўзбунтаваная супраць Давіда школа прадэманстравала не толькі неразуменне эпохі Адраджэння, але яшчэ і неразуменне Бібліі, і наогул заходняй культуры.

Трэба адрозніваць аголенасць і парнаграфію. Нічога парнаграфічнага або агрэсіўнага ў Давідзе няма. Ён юнак, пастух, у якога, як апісваецца ў Бібліі, не было добрага адзення, але які хацеў абараніць свой народ тымі сродкамі, якія ён меў.

Школу і школьнікаў запрасілі прыехаць у Фларэнцыю — і прайсціся па яе галерэях.
 

Усе заслугоўваюць цуду

І напрыканцы гісторыя маленькага цуду. Пра яго распавядае турэцкае выданне Bianet.

Праз 49 дзён пасля землятрусу ў Турцыі пад заваламі шматпавярховага дома знайшлі ката — Хана. Яго гаспадары змаглі выратавацца і ўсе гэтыя дні спадзяваліся, што выратаваўся і Хан. Кот быў абязводжаны, у яго была зламаная лапка, але ён выжыў, хоць правёў пад абломкамі 7 тыдняў.

Их нравы: суд над Трампом, впечатлительные школьники и спасение кота
Кот / pixabay, фота ілюстрацыйнае

Чытаючы кожны дзень страшныя навіны з Беларусі і Украіны, мы заслугоўваем і добрых навін. Нават калі іх прыйдзецца шукаць па ўсім свеце — мы зробім гэта для вас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі