Іх норавы: змова з удзелам прынца, рэжым палёту, фэйк-ньюс і цяжкая коўдра
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Дзяржаўны пераварот, абвінавачванні ў карупцыі, адыёзны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах — і ўсё гэта не пра Беларусь.
Што адбылося ў свеце на гэтым тыдні, чытайце ў рэгулярным аглядзе Еўрарадыё. А калі няма часу чытаць, слухайце нас на любой зручнай платформе.
Дзяржаўны пераварот з удзелам прынца
Мы так шмат гаварылі пра тэорыю змовы, і вось, нарэшце, сапраўдная змова. Немалады прынц, ультраправыя і былыя ваенныя хацелі захапіць Рэйхстаг.
Па падазрэнні ў змове для звяржэння ўрада арыштавалі 25 чалавек, піша ВВС са спасылкай на нямецкія медыя. Мяркуецца, што ўсяго ў групе было 50 змоўнікаў. Адзін з меркаваных верхаводаў — 71-гадовы прынц Генрых XIII. Сярод удзельнікаў змовы былі і экс-ваенныя-байцы элітных падраздзяленняў.
Удзельнікі групы хацелі зрынуць рэспубліку і замяніць яе імперыяй, якую назвалі б Другім Рэйхам. Яна павінна была функцыянаваць па ўзоры Германіі 1871 года. Федэральны пракурор Германіі заявіў, што група рыхтавала пераварот ўжо год — з лістапада 2021 года.
Усё вышэйсказанае гучыць як новы серыял на Netflix і мы самі з цяжкасцю даём веры, што гэта рэальнасць нямецкіх следчых.
“Калі б я быў прэзідэнтам”
Прайшоў тыдзень з таго часу, як Канье Уэст пахваліў Адольфа Гітлера. Цяпер ён патрабуе, каб габрэі "даравалі Гітлеру", піша Rolling Stone.
Уэст — падчас інтэрв'ю на платформе Censored.TV яго твар закрыты маскай — распавядае, што вельмі задаволены рэакцыяй грамадскасці на свой апошні выступ. Маўляў, самае тое для яго будучай выбарчай кампаніі. Так-так, Уэст ужо заявіў пра свае планы балатавацца ў прэзідэнты.
У нейкі момант вядучы задае Уэсту гіпатэтычны пытанне.
— Значыць, вы прэзідэнт Злучаных Штатаў. Першы дзень. І вось нехта ўваходзіць і кажа: "Што мы будзем рабіць з гэтымі габрэямі?"
Уэст адказаў, што не задумваючыся возьме на працу габрэя, калі будзе ўпэўнены, што ён не шпіён і дазволіць праглядзець свой тэлефон.
Ці зарэгіструюць Уэста на самой справе кандыдатам у прэзідэнты? Гэта не самае цікавае пытанне. Што сапраўды цікава — ці доўга Ілан Маск здолее трываць яго ў Твітэры.
Я ператэлефаную, калі ўзляцім
Хутка пасажыры еўрапейскіх авіякампаній змогуць так і сказаць суразмоўцу: ператэлефаную, калі ўзляцім. Больш не трэба будзе пераводзіць тэлефоны ў рэжым палёту.
Еўрапейская камісія вырашыла, што на борце можна будзе карыстацца 5G — тэлефанаваць, слухаць музыку, глядзець фільмы. Раней сцюардэсы заўжды прасілі нас уключыць авіярэжым, таму што было не вельмі шмат дакладных дадзеных пра тое, як мабільныя прылады ўплываюць на самалёты. Але цяпер досвед паказвае, што рызыка перашкодаў вельмі малая, піша ВВС са спасылкай на выканаўчага дырэктара камітэта бяспекі палётаў Вялікабрытаніі Дая Уітынгема.
А вось у ЗША усё яшчэ трэба будзе перавесці тэлефон у рэжым палёту. Там асцерагаюцца, што частоты 5G могуць перашкаджаць палётам і нават прыводзіць да памылковых дадзеных некаторых прыбораў. Але ў ЕС лічаць, што гэтыя амерыканскія праблемы не датычаць Еўропы, таму што ў ЕС іншы набор частотаў для 5G.
Аэрафобаў просяць не турбавацца. Рэгулятары абяцаюць зрабіць усё, каб гарантаваць бяспеку на борце.
Калі вам не спіцца праз усе гэтыя навіны
І да добрых навін. Спіце пад цяжкай коўдрай, і сон стане мацней, а трывог будзе менш, піша Washington Post.
Коўдра з павялічанай вагой спрыяе выдзяленню большай колькасці мелатаніна — гармона, які дапамагае мацней спаць.
Аўтар даследавання — шведскі вучоны Крысціян Бенедыкт. Ён кажа, што стасаваўся з многімі дзіцячымі лекарамі, якія расказвалі пра дзівосны эфект цяжкай коўдры. Але не было даследаванняў, якія б пацвердзілі, што сон пад гэткай коўдрай сапраўды становіцца мацнейшы.
Тады Крысціян правёў эксперымент: ён запрасіў 26 маладых мужчын і жанчын без праблем са сном або іншых захворванняў паспаць у спецыяльнай лабараторыі дзве ночы. Адну — пад цяжкім матэрыялам, другую — пад звычайным.
Кожныя 20 хвілін даследчыкі замяралі ўзровень гармонаў. І ва ўдзельнікаў эксперыменту, якія спалі пад цяжкой коўдрай, узровень мелатаніна быў на 32% вышэйшы!
А калі і пад цяжкай коўдрай не спіцца — заканчвайце чытанне навін у канцы тыдня рэгулярным міжнародным аглядам Еўрарадыё. А мы заўжды будзем завяршаць нашыя агляды добрымі навінамі, так што дачытвайце нас да канца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.