Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча

Сябры, паплечнікі і блізкія знаёмыя Станіслава Станіслававіча Шушкевіча расказваюць, якім у іх памяці застаўся экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі.
 

“Вясёлы Бог”

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча

— Шушкевіч — знак Беларусі. Не нейкага аскепка “саюзнай дзяржавы” без сваёй мовы, культуры, гісторыі, а менавіта БЕЛАРУСІ. Той краіны, за якую ён змагаўся, а нам яшчэ змагацца,піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку паэт Уладзімір Някляеў. — Ён адзін з нашых нацыянальных сімвалаў, якія паўсталі на скрыжаванні стагоддзяў. Можна казаць пра слабасці, што ў ім выяўляліся, але прычына іх не адно ў ягоных асабістых якасцях — гэта слабасці нашай нацыянальнай свядомасці, слабасць нашай нацыянальнай сілы. І Шушкевіч сімвал яшчэ і праз гэта. Так, ён не быў самым моцным палітыкам. Але ва ўсёй беларускай палітыцы — слабой і моцнай — ён быў самым прыстойным чалавекам. І зрабіў для Беларусі столькі, колькі здолеў зрабіць, не заплямваючы сумленне.

Да аднаго з ягоных юбілеяў (не помню, да якога, Бог адмераў яму век не на адзін юбілей) я напісаў верш “Вясёлы Бог”. Ён прачытаў і сказаў, усміхнуўшыся (у яго ўсё добра з гумарам было): “Такія вершы найлепей чытаюцца па сыходзе лірычнага героя…”. Ну, вось… Я любіў яго — і шкада да слёз.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Злева направа: Ірына Шушкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Вольга Някляева, Уладзімір Някляеў / facebook.com/uladzimir.niakliaeu

“Гэты чалавек вельмі адрозніваўся ад камуністычнай наменклатуры”

Наконт смерці Станіслава Шушкевіча таксама выказаўся Зянон Пазняк.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча

— Я асабіста негатыўна адносіўся да ягонай палітыкі, да нейкіх момантаў, — цытуе Пазняка Радыё Свабода. — А яго людзі ўспрымалі, нягледзячы на тое, што былі відавочна памылковыя рэчы. І я думаў: чаму гэта адбываецца? А адбываецца таму, што ў яго была інтэлігентная лексіка, ён атрымаў добрае інтэлігентнае выхаванне, ён мог інтэлігентна гаварыць, ён мог нават на фартэпіяна сыграць.

Гэты чалавек вельмі адрозніваўся ад камуністычнай наменклатуры, у якой былі людзі грубыя, не ведалі, што сказаць, гаварылі глупствы. І вось гэта інтэлігентнасць вельмі яму спрыяла: і ў Беларусі, і за мяжой. Мушу сказаць, што гэта вельмі важная якасць для кожнага чалавека. А ў палітыцы тым больш. Так што ён валодаў такімі якасцямі, як добрае выхаванне, інтэлігентная лексіка, ніколі не ўжываў нейкіх нядобрых слоў, і гэта яго вылучала.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазняк / Courtesy photo

“Шушкевіч і візітоўка”

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча

— Паэта Шушкевіча я ведаў з дзяцінства, пра ягонага сына, Станіслава Станіслававіча, я даведаўся значна пазней,піша паэт і мастак Адам Глобус. — Даведаўся і напісаў пра яго некалькі вострых гумарыстычных замалёвак. Станіслаў Станіслававіч моцна пакрыўдзіўся на вастрыню замалёўкі і перастаў са мною вітацца. Мы не віталіся гадоў пятнаццаць, да таго моманту, як мне прысудзілі літпрэмію імя Ежы Гедройца. На прэміяльным фуршэце Станіслаў Станіслававіч павіншаваў мяне з узнагародай, і мы зноўку сталі вітацца і размаўляць. Для мяне віншаванне ад Шушкевіча — добры прыклад, як трэба пераступаць праз крыўды і вяртацца да спакойных і дабразычлівых узаемаадносінаў.

На згаданым фуршэце запомнілася яшчэ адна дэталь. У той момант, калі я размаўляў з Шушкевічам пра літаратуру і пра нашае з ім выступленне ў прамым эфіры тэлеперадачы “Крок”, да нас падышоў пісьменнік Павел Касцюкевіч і папрасіў у першага кіраўніка незалежнай Беларусі візітоўку. Шушкевіч візітоўку даў. Трэба было і мне абмяняцца візітоўкамі са Станіславам Станіслававічам, але я падумаў: нашы адносіны наладжваюцца і візітоўкамі мы абмяняемся іншым разам. У наступныя сустрэчы я забываўся пра візітоўкі, а цяпер, калі Станіслаў Шушкевіч пакінуў наш свет, згадка пра неатрыманую візітоўку будзе мяне вяртаць у момант нашага з ім прымірэння.

“Старэнькі шалік Шушкевіча”

Радкамі са сваёй кнігі “Дзевяноста трэці” са Станіславам Шушкевічам развітаўся журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

— Як і іншыя дэпутаты Апазыцыі БНФ, я не ўдзельнічаў у галасаванні 26 студзеня 1994 года за адстаўку Шушкевіча. Мы ўвогуле не апускалі бюлетэні ў скрыні, хаця і разумелі па настроі большасці дэпутацкага корпусу, што гэтым разам нам не ўдасца заблакаваць галасаванне. Калі позна ўвечары старшыня падліковай камісіі абвясціў сумныя для Шушкевіча вынікі, паседжанне сесіі скончылася, і Шушкевіч выйшаў у бакавыя дзверы за прэзідыумам — звычайна ён пакідаў свае рэчы ў пакоі за Авальнай залай (кабінет старшыні быў ужо ў будынку былога ЦК).

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Сяргей Навумчык (пры мікрафоне) у часы свайго дэпутацтва / Public domain

— Я пайшоў услед за Шушкевічам, — працягвае Сяргей Навумчык. — Спачатку я хацеў выказаць заўвагі адносна ягонага выступу перад галасаваннем (выступ сапраўды быў не самым удалым), але калі ўжо ўвайшоў у пакой, проста выказаў спачуванне. Шушкевіч ужо быў у паліто і збіраў у папку паперы, а потым апрануў шалік.

Гэта быў ісландскі шалік шэра-крэмавага колеру са светлымі палоскамі на канцах, якія ў пачатку 80-х завезлі ў Савецкі Саюз у даволі вялікай колькасці (невядома, з якой нагоды — здаецца, “калашнікавы” ў Ісландыю Масква не пастаўляла). Набыць яго можна было толькі “па знаёмстве”, але ён быў даволі распаўсюджаны.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Станіслаў Шушкевіч, 1993 год / фота У. Сапагова

— Я глядзеў на гэты стары шалік, які папраўляў на сабе чалавек, што яшчэ чвэрць гадзіны таму быў кіраўніком дзяржавы, і адчуваў, наколькі абсурдным было абвінавачванне яго ў карупцыі з вуснаў сіпатага дырэктара саўгаса, — згадвае экс-дэпутат. — Я дакладна ведаў, што некаторыя намеснікі старшынь аблвыканкамаў клалі сабе ў кішэню сотні тысяч долараў хабару за ліцэнзіі на рээкспарт нафты, што “актывы” аднаго з віцэ-прэм’ераў ацэньваліся ў дваццаць мільёнаў долараў, што сотні менш значных чыноўнікаў мелі фірмы, якія штомесяц прыносілі ім даходы ў дзясятак разоў большыя за афіцыйныя зарплаты, — і ўсё гэта мог мець ён, кіраўнік дзяржавы. Мог, пры жаданні. Але не захацеў, і вось цяпер сыходзіць, маючы тое, з чым і прыйшоў на вышэйшую пасаду.
 

“Нацыянальны лідар буйнога маштабу”

— Я быў знаёмы з ім недзе гадоў трыццаць. Ён сур'ёзна дапамагаў у маёй прэзідэнцкай кампаніі, у нас былі сяброўскія і дзелавыя адносіны, — расказвае ў размове з рэсурсам RFI лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў. — Увогуле [смерць Шушкевіча] — гэта вялікая страта. Шушкевіч — буйная палітычная фігура. Да такой постаці не бывае адназначнага стаўлення ва ўсіх. Вядома, былі і папрокі, і негатыў у ягоны бок выказваўся. Але для мяне гэта адназначна чалавек, які паказаў сабой прыклад нацыянальнага лідара буйнога маштабу. Безумоўна, яго роля станоўчая.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Станіслаў Шушкевіч і Андрэй Саннікаў / facebook.com/andrei.sannikov.1

“Падпісваў дакументы ў маю абарону”

— Са Станіславам Шушкевічам я быў знаёмы з 1989 года. Я ўдзячны яму за тое, што ён, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, падпісваў дакументы ў маю абарону, калі я незаконна знаходзіўся ў СІЗА пасля акцыі “Мінская Вясна” ў 1996 годзе, — расказвае Еўрарадыё лідар руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. — Удзячны за тое, што былі Белавежскія пагадненні, і ўсе беларусы мусяць ганарыцца тым, што менавіта на беларускай зямлі быў забіты асінавы кол у імперыю зла. Я ўдзячны лёсу, што ведаў Станіслава Станіслававіча Шушкевіча.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса, травень 2016 года. Злева направа: Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Генадзь Федыніч / RFE/RL

“Станіслаў Станіслававіч быў і здолеў застацца інтэлігентам”

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча

— Для мяне Шушкевіч — не палітык, а выкладчык і арганізатар універсітэцкай навукі, — піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку прадпрымальнік Ігар Скарынін. — Я слухаў яго лекцыі, калі мне было дваццаць, а яму пяцьдзясят. І кафедра ядзернай фізікі, якой ён кіраваў, была самай жывой, самай дынамічнай і самай яркай на факультэце. Але пасля другога курса, калі трэба было выбіраць спецыялізацыю, я ў сілу юнацкіх амбіцый вырашыў пайсці не туды, а на “элітную” тэарэтычную фізіку, дзе сабраліся самыя вялікія зануды фізфака. Дарэмна. Але што было, тое было, цяпер гэта ўжо ўсё роўна. Але галоўнае для мяне тое, што Станіслаў Станіслававіч быў і здолеў застацца інтэлігентам. Гэта вельмі рэдкая і моцна недаацэненая якасць у нашых краях.

Інтэлігент са старым шалікам: гісторыі-развітанні пра Станіслава Шушкевіча
Станіслаў Шушкевіч / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі