Інтэрнэт: кітайскі досвед для Беларусі

У Беларусі хутка ўступіць у сілу новы закон “аб СМІ”. Яго небяспека ў тым, што акрамя папяровых ён пачне рэгуляваць і Інтэрнэт-СМІ. Чаго канкрэтна чакаць ад закону, пакуль дакладна ніхто не ведае. Але ўсё часцей можна пачуць, што гэта будзе кітайскі варыянт Інтэрнэт-цэнзуры. Як насамрэч рэгулюецца Інтэрнэт у Кітаі, і ці пагражае тое ж самае нам? Пра гэта сёння Еўрарадыё гаварыла з экспертамі. Што тычыцца законаў, якія абмяжоўваюць свабоду ў Інтэрнэце, то ў Кітаі іх не так шмат. Збольшага іх нават можна назваць дэмакратычнымі. Але нягледзячы на гэта існуе шмат іншых, не менш небяспечных спосабаў кантраляваць інтэрнэт, распавяла Еўрарадыё Хіяхонг, жыхарка Кітая, аўтарка даследаванняў пра інтэрнэт-цэнзуру ў сваёй краіне:

“Існуюць дзяржаўныя законы, але тым не менш яны сёння не адыгрываюць такую вялікую ролю ў інтэрнэт-цэнзуры. Што больш важна, гэта тое, што ёсць дэпартаменты і спецыяльна нанятыя людзі, адказныя за маніторынг інтэрнэту”.

Адзін з рэальных прыкладаў заканадаўчага абмежавання дзейнасці інтэрнэт медый у Кітаі – гэта тое, што ўсе інтэрнэт-СМІ павінны належаць зарэгістраваным арганізацыям.

Хіяхонг: “Адна з дырэктываў, якая абмяжоўвае дзейнасць інтэрнэт-медый – гэта тое, што ўсе інтэрнэт-СМІ павінны належаць зарэгістраваным арганізацыям альбо арганізацыям, якія зацверджаныя ўрадам. І гэта пастаянна правяраецца.

Такім чынам, амаль ніхто ў Кітаі не можа апублікаваць незалежную інфармацыю ў інтэрнэце, калі ён не зарэгістраваны, альбо калі ў яго няма дазволу ад ураду на публікацыю такога кшталту інфармацыі.

Калі вы ўсё ж такі яе публікуеце, улады могуць вельмі проста, кіруючыся такімі дырэктывамі, закрыць ваш сайт альбо прыцягнуць да адказу за гэта. І гэта галоўным чынам адзіны прыклад дзяржаўнага заканадаўчага акту”.

Такая сітуацыя ў Кітаі вельмі нагадвае магчымы сцэнар беларускага кантролю ў інтэрнэце пасля прыняцця закону “аб СМІ”. Нагадаем, што паводле будучага закону ўсе інтэрнэт-СМІ ў Беларусі павінны будуць рэгістравацца.

Акрамя асноўнага дзяржаўнага закону ў Кітаі існуе шэраг мясцовых законаў, якія таксама могуць у пэўныя моманты абмежаваць дзейнасць інтэрнэт-СМІ. Пра нядаўні канкрэтны выпадак распавяла Еўрарадыё Хіяхонг:

“У 2007 годзе ў правінцыі Гуангдон у Кітаі ў выпадку нейкіх надзвычайных здарэнняў мясцовая паліцыя мела права тэрмінова адключыць інтэрнэт і тэлекамунікацыю на 24 гадзіны. Гэта значыць, што ў такіх выпадках, напрыклад падчас нейкіх масавых пратэстаў ці чаго іншага, урад мог закрыць усе сродкі масавай інфармацыі. І людзі не маглі атрымаць інфармацыю”.

Спадарыня Хіяхонг кажа, што апроч законаў, якія працуюць у Кітаі рэальна, вельмі часта урад прымае захады супраць інтэрнэт-СМІ, якія напрамую не з’яўляюцца законнымі і не кіруюцца ніякімі актамі. Верагодна, гэта і ёсць асноўная пагроза, якую варта чакаць ад будучага закону “Аб СМІ” у Беларусі.

На думку Хіяхонг, наяўнасць у Кітаі спецыяльна нанятых людзей, якія манітораць інтэрнэт, — адна з самых небяспечных рэчаў. Пра гэта кажа і спецыяліст па інтэрнэт-даследаваннях Дзмітрый Вітальеў:

“Існуюць такія чуткі, што ў Кітаі ад 30 да 50 тысяч інтэрнэт-паліцэйскіх, якія ўвесь час адсочваюць сайты, дзе вывешана інфармацыя, неспрыяльная для кітайскай прапаганды. І гэтыя сайты блакуюцца ад знешняга доступу.

Таксама кітайскія службы, якія адказваюць за цэнзуру ў інтэрнэце, адсочваюць дзеянні многіх людзей у інтэрнэце – глядзяць на тое, якія імэйлы яны пішуць, якія сайты адкрываюць. І вельмі часта рэагуюць на “няправільную” інфармацыю, якую гэтыя людзі адсылаюць альбо самі атрымліваюць у інтэрнэце”.

Нягледзячы на высокі тэхналагічны ўзровень адукацыі кітайцаў, яны не цураюцца прыцягваць сабе ў дапамогу і буйныя заходнія карпарацыі. Пра адзін з такіх выпадкаў расказаў Еўрарадыё Дзмітрый Вітальеў:

“Напэўна, самы вядомы выпадак – гэта выпадак з правайдэрам Yahoo, калі па просьбе кітайскага ўраду Yahoo здала доступ і пароль да пяці паштовых скрыняў кітайскіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Чатыры з іх — журналісты, якія пісалі артыкулы па пытаннях дэмакратыі. І цяпер усе з іх знаходзяцца за кратамі.

Таксама большасць софту, які выдаецца ў Кітаі, сёння ўключае ў сябе сістэмы адсочвання альбо цэнзуры. Напрыклад, Кітай ці прымусіў, ці пераканаў, я дакладна не ведаю, арганізацыю Skype убудаваць сабе ў сістэму ключавыя словы, якія будуць блакавацца кітайскай версіяй Skype”.

Па словах Дзмітрыя Вітальева, сістэма сачэння і цэнзуры ў Кітаі ўжо ўкаранілася амаль ва ўсе магчымыя грані інфраструктуры і софта інтэрнэт.

Эксперт таксама расказвае, што спіс ключавых словаў, на якія рэагуе ўрад, увесь час змяняецца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне:

“Да нейкага часу нельга было ўпісаць у пашуковік ці прачытаць на старонцы словы “6 чэрвеня 1989 год”, дзень падзеяў на Цяньаньмыньскай плошчы. Калі карыстальнік уводзіў гэта ў пашуковік ці адкрываў сайт, на якім былі размешчаны гэтыя словы, то інтэрнэт перарываўся”.

Цікава, што пасля таго як вас адключаць ад інтэрнэту, сувязі не будзе на працягу 15 хвілінаў. Калі ж пасля вы ізноў пачнеце ўводзіць забароненыя словы, то інтэрнэт адключаецца цалкам. І, як кажа Дзмітрый Вітальеў, былі выпадкі, калі на працягу некалькіх гадзінаў да людзей прыязджалі кітайскія праваахоўныя службы.

Як вынік, сёння ў Кітаі з-за сваіх дзеянняў у інтэрнэце ў турме сядзяць 53 журналісты (дадзеныя “Рэпарцёраў без межаў”).

Яшчэ адзін цікавы прыклад распавяла нам аўтарка інтэрнэт-даследаванняў Хіяхонг. Яна кажа, што кітайскі ўрад часта закрывае абсалютна бясшкодныя сайты і блогі, якія нейкім невядомым чынам могуць быць непажаданыя для ўладаў:

“Нядаўна ўлады закрылі сайт, які быў створаны, каб падтрымаць і абараніць правы людзей, хворых на гепатыт Б — у Кітаі такіх людзей часта дыскрымінуюць. Сайт закрылі ў канцы 2007 года без ніводнага тлумачэння прычынаў”.

Наколькі сапраўды інтэрнэт-цэнзура ў Беларусі стане падобнай да кітайскай, мы хутка пабачым. Але ўжо сёння заўважна тое, што інтэрнэт-кантроль у нашай краіне ўсё больш і больш набывае кітайскія рысы.


Фота — www.intersmile.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі