Інтэрнэт пісаў пра “сумленных” ДАІшнікаў, а дзяржаўная прэса - пра сяўбу

Інфармацыйную прастору на гэтым тыдні апанавала жудасная аварыя, якая здарылася па віне супрацоўнікаў ДАІ на трасе Мінск-Мікашэвічы. “Жывы шчыт” не перакрыў нават у дзяржаўных СМІ “актуальную” тэму вясенняй сяўбы. У аўторак 11 сакавіка афіцыйная прэса ў галоўную тэму нумара выносіла рознае. Напрыклад, “СБ” на першую старонку паставіла спартовую тэму пад аптымістычнай назвай “Пад’ём!”, дзе аўтар Дзмітрый Камашка расказаў пра неблагія вынікі на чэмпіянаце свету ў Валенсіі нашых легкаатлетаў і прыгадаў, што гэта толькі размінка перад Пекінам.

“Звязда” ў сваім нумары падняла перадсвяточную тэму, якая паўстала з прэзідэнцкага наганяю, але з-за свята на старонкі афіцыйнай прэсы не патрапіла. На першай старонцы матэрыял Сяргея Куркача “Чаргу запланавалі скараціць да 5 гадоў”:

“На першым этапе ўсе структуры Мiнбудархiтэктуры павiнны спрацаваць такiм чынам, каб да 2011 года грамадзяне, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, чакалi сваёй чаргi на будаўнiцтва кватэры не больш за 10 гадоў. На другiм этапе, якi разлiчаны да 2015 года, жыллёвая чарга павiнна скарацiцца да 5 гадоў”.

У сераду 12 сакавіка тэмай №1 у неафіцыйнай прэсе стаў скандальны матэрыял газеты “Автобизнес” “Смертники по воле ГАИ”.

З самай раніцы “Салідарнасць” выстаўляе яго галоўнай навіной, і да сённяшняга дня публікацыя б’е ўсе рэкорды па наведванні. Нагадаю, 2 сакавіка на трасе Мінск-Мікашэвічы, каб спыніць п’янага кіроўцу, які ехаў з хуткасцю 180 км/г, ДАІшнікі перагарадзілі дарогу прыватнымі машынамі, пасажырам якіх забаранілі пакінуць транспартныя сродкі.


“Тое, што з нас робяць "жывы шчыт", я зразумеў за некалькі секунд да ўдару і паспеў крыкнуць аб гэтым свайму сябру Кастусю. Пасля сутыкнення мы тут жа выскачылі з машыны, падбеглі да пацярпелых. Сталі адчыняць дзверы, даставаць вогнетушыцелі. Я ДАІшнікам адразу крыкнуў: "Што ж вы *** нарабілі?" А яны ,як абмарожаныя, ляпечуць: "Мы не думалі, што ён не спыніцца..." Пры гэтым у іх было ДВА СВАЕ АЎТАМАБІЛІ!”, - гэта газеце “Автобизнес” расказаў адзін з кіроўцаў, які 2 сакавіка перажыў сапраўдны жах.

За гэтай навіной на працягу ўсёй серады працягваюць сачыць усе неафіцыйныя выданні. Днём Telegraf.by у развіццё тэмы прывёў словы з прэс- канферэнцыі міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава:


“Я дапускаю магчымасць стварэння сітуацыі менавіта так, як яна апісаная ў шэрагу СМІ. Аднак, з улікам таго, што адным з ініцыятараў "зліву" ў СМІ інфармацыі аб здарэнні, якая адпавядае інтэрпрэтацыі, быў былы супрацоўнік МУС, звольнены ў сувязі з расследаваннем адной з карупцыйных спраў, ёсць падставы не давяраць некаторым сцвярджэнням”


Навумаў публічна папрасіў прабачэння за сваіх ДАІшнікаў, а ўвечары БелаПАН паведаміў:


“Супрацоўнікі ДАІ не спрабавалі стварыць шчыт з легкавых аўтамабіляў грамадзян на трасе Мінск—Мікашэвічы. Пра гэта сёння заявіў на брыфінгу намеснік Упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС палкоўнік Ігар Ваніцкі. Паводле слоў І.Ваніцкага, ён лічыць дзеянні супрацоўнікаў ДАІ ў той канкрэтнай абстаноўцы правільным”.


Увечары па АНТ выйшаў матэрыял, які цалкам крытыкаваў дзеянні ДАІшнікаў і практычна цытаваў матэрыял з “Автобизнеса”.

Наведвальнікі Інтэрнэт-парталаў у сераду былі актыўнымі, як ніколі. Гэты скандал яны вырашылі абмеркаваць і на афіцыйным сайце ГУУС.

Кірыл: Вам не сорамна пасля ўсяго, што адбылося, а галоўнае, пасля вашай рэакцыі на гэты абуральны інцыдэнт, насіць форму і зваць сябе афіцэрамі?

Serega: Як можно патлумачыць, што людзям не далі выйсці з машын???

pon: Патрабуем апублікаваць імёны супрацаўнікоў ДАІ, якія зладзілі жывы шчыт з людзей 2 сакавіка!



Адзначу, што гэта адзін з нешматлікіх Інтэрнэт-форумаў дзяржструктуры, на якім не прадугледжана прэмадэрацыя, з серады назбіраў больш за 60 старонак абмеркавання аварыі.

У той жа дзень, 12 сакавіка, дзяржаўная прэса пісала пра … вясеннюю сяўбу. Напрыклад, “Народная газета”. Артыкул на першай паласе расказвае пра сяўбу ў паўднёвых раёнах краіны, ячшэ адзін матэрыял на першай старонцы – прысвечаны аграгарадкам.


У чацвер дзяржаўная прэса працягвала тэму сяўбы, а неафіцыйная - тэму ДАІшнікаў. “7 дней” асноўнай тэмай паставіла “Раннюю сяўбу”, а “Рэспубліка” на 1-ю старонку паставіла артыкул “Вясна раскачкі не даруе”. Няцяжка здагадацца, што ён таксама прысвечаны сяўбе.



У чацвер тэма ДАІшнікаў пачала разгарацца з новай моцай. Раніцай выходзіць “СБ” , дзе ў рубрыцы “Крымінал” напісана пра здарэнне на трасе Мінск – Мікашэвічы. Аўтар не спяшаецца рабіць высновы і абвінавачваць у непрафесіяналізме ДАІшнікаў, таму і матэрыял так называецца “Інцыдэнту на трасе Мінск — Мікашэвічы будзе дадзеная прававая ацэнка”. “СБ” выслухала пацярпелага кіроўцу Юрыя Пашкевіча, але ў канцы прывяла словы Навумава пра “зліў” інфармацыі былым супрацоўнікам ДАІ.


Днём tut.by прыводзіць словы з прэс-канферэнцыі начальніка ДАІ Аляксандра Мендзелева, які прынёс сваё прабачэнне:

"Ад сябе асабіста і ад сваіх супрацоўнікаў прашу прабачэння ў людзей, бязвінна пацярпелыху у ДТЗ 2 сакавіка”

Мендзелеў прызнаў, што яго супрацоўнікі дзейнічалі непрафесійна, і кажа, што яму вынеслі строгую вымову, і абяцае, што ўсе віноўныя будуць пакараныя, але пры гэтым не называе іх імёнаў. І тым не менш, ніхто з чыноўнікаў не патэлефанаваў пацярпелым і не прынёс асабістага прабачэння.


У пятніцу з’явіўся матэрыял у “Беларускім часе” пад гучнай назвай “Удар в спину”, у якім журналісты вырашылі правесці “ўласнае” расследаванне:


“Сюжэт гісторыі проста неверагодны. І пагоня, вартая галівудскіх баявікоў, і шчаслівае пазбяганне ахвяр у жудаснай аварыі, і процілеглыя ацэнкі дзеянняў людзей у форме, якія ператварылі выпадковых кіроўцаў і іх пасажыраў у жывы шчыт. «Беларускi Час” правёў уласнае расследаванне гэтага скандальнага здарэння.Спачатку мы ў рэдакцыі не маглі паверыць, што гэтае здарэнне – праўда. Вырашылі па сваіх каналах даведацца акалічнасці ДТЗ, каб пацвердзіць або аспрэчыць некаторыя дэталі”


Усё журналісцкае расследаванне заключалася ў тым, што аўтары артыкула сабралі інфармацыю розных СМІ, зрабілі некалькі тэлефонных званкоў і з’ездзілі на месца здарэння. Ні да якой пэўнай высновы журналісты не змайглі прыйсці, і ўвогуле засталося незразумелым, да чаго быў напісаны гэты матэрыял.

У чацвер Мендзелеў запэўніў, што ДАІшнікаў, якія зладзілі “жывы шчыт”, ужо знялі з пасады. Як стала вядома Еўрарадыё , ніводны супрацоўнік ДАІ не быў звольнены з працы.


У пятніцу 14 лютага “Камсамольская праўда у Беларусі” ўзяла першае інтэрв’ю ў п’янага кіроўцы і яго спадарожніцы Вольгі. Мы прыводзім іх словы і, як кажуць, – без каментароў:


“Яны б супраць нас яшчэ войска выставілі!.. – абураецца Вольга. – Вядома, мы не маем рацыі ў тым, што адразу не спыніліся. Але нам весела трохі было… Слухалі музыку, групу «Рэфлекс».


Дарэчы, сёння віноўнік ДТЗ ажаніўся з сваёй спадарожніцай, і ўжо ўвечары
Інтэрфакс паведаміў, што супраць ДАІшнікаў узбуджана  крымінальная справа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі