Інтэрпол затрымаў магілёўскага банкіра, які скраў 430 тысяч долараў
Амаль чатыры гады мужчына хаваўся ў Расійскай Федэрацыі.
У 2010 годзе ён скраў з банка 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. Паводле тагачаснага курсу сума складала больш за 430 тысяч долараў.
Затрыманне адбылося на пачатку лютага ў расійскім горадзе Ліпецку, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Нагадаем, што мужчына працаваў у банку ў аддзеле абслугоўвання юрыдычных асоб. Перад трыма выходнымі ён перавёў на сваю картку вялізную суму. На працягу ўсіх выходных банкір здымаў грошы з усіх банкаматаў горада. Беларускія рублі ён памяняў на долары, з якімі знік у невядомым напрамку.
Фота — AFP