Інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам для АНТ запісвалі без адвакаткі

Раман Пратасевіч / скрыншот відэа​
Раман Пратасевіч / скрыншот відэа​

Запіс інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам, які напярэдадні паказаў тэлеканал АНТ, вёўся без прысутнасці абаронцы, расказала адвакатка Інэса Аленская ў інтэрв'ю агенцтву БелаПАН. 

Яна адмовілася каментаваць гутарку, якую транслявалі ў эфіры. Па яе словах, "інтэрв'ю — гэта па-за межамі якіх-небудзь працэсуальных дзеянняў". Уласна па справе, прызналася абаронца, яна, на жаль, нічога каментаваць не можа. 

Аленская расказала, што не бачылася з падабаронным каля тыдня. Усяго ж з моманту затрымання яна мела зносіны з Пратасевічам двойчы: 27 і 28 траўня. Аленская не стала наўпрост адказваць на пытанне, ці сапраўды яе не пускаюць да падабароннага.

"Пасля размовы з падабаронным столькі часу, колькі нам трэба, адваката потым выклікаюць на следчыя дзеянні. Пакуль ніякіх следчых дзеянняў не адбывалася, хоць яны былі запланаваныя на гэтым тыдні", — адзначыла яна.  Чаму не адбыліся запланаваныя следчыя дзеянні, яна не ведае.

3 чэрвеня ў эфіры АНТ выйшла вялікае інтэрв'ю з Пратасевічам. Раман прызнаў віну па артыкуле 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), расказаў пра сваіх калег, пра стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі. Пазней яго бацька ў інтэрв'ю тэлеканалу "Дождж" выказаў здагадку, што сына прымусілі пайсці на гэтую размову.

"Упэўнены, што яго запалохвалі. Ён больш за тыдзень знаходзіцца пад ціскам..." — сказаў Дзмітрый Пратасевіч

Раман Пратасевіч быў адным з пасажыраў самалёта Ryanair, які 23 траўня здзейсніў вымушаную пасадку ў Мінску. Яго, а таксама яго дзяўчыну Сафію Сапегу затрымалі. У адказ краіны ЕС практычна прыпынілі авіязносіны з Беларуссю і заявілі аб новых санкцыях у дачыненні да беларускіх уладаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі