INTOUCH 2010: Урокі імправізацыі і добрага піяру

Ці як зрабіць некалькі цікавых імпрэз з адной нагоды.
Тое, што выступ шведа ў галерэі “Ў” і імпрэза DACH & INTOUCH звязаныя паміж сабой, зразумець было цяжка. Тым больш, здагадацца, што ўсё гэта – уступ да міжнароднага музычнага фестывалю "INTOUCH 2010".

Такім чынам, замест аднаго стыльнага промамерапрыемства ў межах фестывалю, іх стала, як мінімум, два. Яны выгадна адбыліся на фоне цікавых выстаў, якія непасрэднага дачынення да "INTOUCH" не мелі. Але пра гэта таксама ніхто не ведаў…



Герман Мюнцынг: “Шмат хто ў Беларусі працуе з эксперыментальнай музыкай, але толькі на ноўтбуках. Гэта не вельмі цікава для мяне. Я люблю кранаць гукі. Па-другое, я веру ў цішыню як важную частку музычнага працэсу”.



Швед аднойчы ўжо прыязджаў у Беларусь на фестываль UNSOUND. І, па словах дырэктара шведскага інстытута ў Мінску Мортэна Франкбю, яму тут вельмі спадабалася. Чаму? Еўрарадыё спытала непасрэдна ў музыкі.

Герман Мюнцынг: “Калі я прыязджаю сюды, я бачу, што людзі, асабліва маладыя, вельмі любяць такое новае гучанне. Але яны не вельмі звыклыя да яго. Магчыма,  тут такая музыка, хутчэй, андэраўнд, а не частка беларускай музычнай сцэны”.



Адзін з наведвальнікаў імпрэзы, Зміцер, лічыць, што ўсяму сваё месца. Маўляў, беларусы – не лепшая аўдыторыя для майстра імправайзу:

 "Мне наогул падаецца, што праз пэўныя гістарычныя акалічнасці мы не ў стане ўспрымаць такую музыку. Для нас яна гучыць як какафонія, таму што Саветы доўгі час развівалі масавыя і ўсім зразумелыя накірункі музыкі."



Мортэн, які ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі, цалкам згадзіўся:

“У Германа тут будзе столькі ўражанняў, колькі ён у Швецыі ні за што не знойдзе”.

Беларусь, відаць, сапраўды натхняе, бо ў другі раз Герман Мюнцынг прыехаў не толькі як выступоўца, але як лектар і арганізатар чарговага праекта.

















Фота: Таранціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі