Іпатаў: уносіць змены ў праект Канстытуцыі можна да сярэдзіны студзеня
Да сярэдзіны студзеня можна будзе ўнесці змены і дапаўненні ў праект Канстытуцыі. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.
Па яго словах, прапановы па зменах прымаюцца да таго моманту, як будзе выдадзены ўказ з прызначэннем даты рэферэндуму.
"Калі казаць пра канкрэтныя даты, то гэта 17, 18, 19 студзеня. Але думаю, што не трэба кудысьці далёка адсоўваць, менавіта цяпер ёсць магчымасць гэта зрабіць. Праект падрыхтаваны, ён размешчаны ў электронным выглядзе, даступны ў друкаваным выглядзе", — патлумачыў Іпатаў.
Апошнія дня публічнага абмеркавання, па яго словах, патрэбныя экспертам, "каб усё гэта скампанаваць, апрацаваць, закумуляваць".
Такім чынам, ва уладаў застаецца магчымасць штосьці змяніць у сваім праекце Канстытуцыі на працягу бліжэйшых тыдняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.