Ірэна Катвіцкая "Этна-фантазія"
Пошукі “гамы выключна жаночай эмацыйнасці ў спевах ды гуках раяля” ад мастацкага кіраўніка "Аканы".
Лідарка “Аканы” і аўтарка песень праекта Kazalpin Ірэна Катвіцкая саспела на сольны альбом. Яе “Этна-фантазія” адыходзіць ад эксперыментаў з джазам, звяртаецца да мадэрну і злучае яго з бабулінай песняй. Спявачка не толькі “паглыбляецца ў фактуру эпохі мадэрну”, ствараючы творы ў духу Пракоф’ева, Дэбюсі ды Стравінскага. Яна спрабуе ўявіць, як маглі б загучаць беларускія традыцыйныя песні ў інтэрпрэтацыі кампазітараў пачатку XX стагоддзя. І, што натуральна, Ірэна сама сядае за раяль, ператвараючыся то ў Рахманінава, то ў Дэбюсі, як гэта чуецца ў загалоўнай на дыску “Вясне”.
“Этна-фантазія” — своеасаблівы творчы дзённік Ірэны Катвіцкай, складзены з 11 главаў. Аўтарка падкрэслівае, што ў ім паказана “ўласная прастора славянскай жанчыны, месца, дзе адначасова жывуць традыцыі продкаў і яе любімыя людзі”. Таму апроч традыцыйных песень, пададзеных у стылістыцы мадэрну, тут сустракаюцца творы, прысвечаныя Беларусі (“M.R.B.”) і дочкам — Лідзе і Веры. Дарэчы, у “Калыханцы для Веры” разам з матуляй спела і сама Вера.
Ірэна Катвіцкая, як этнамузыколаг, ставіць перад сабой пэўную задачу: знайсці “гамы выключна жаночай эмацыйнасці ў спевах ды гуках раяля”. Аднак эмацыйнасць тут стрыманая, інтэлігентная, унутраная. Празрыстую тканіну, сплеценую голасам і раялем, часам упрыгожваюць ненавязлівыя ўкрапванні аддаленых электронных. Усё ў меру. Усё з густам. Усё проста.
“Этна-фантазія” Ірэны Катвіцкай дазваляе паглядзець на традыцыйныя спевы з іншага ракурсу. Абраўшы раяль, спявачка тым самым патрапляе ў плынь новай тэндэнцыі і становіцца ў шэраг са спяваючымі піяністкамі — Азізай Мустафа Задэ, Алінай Арловай, Нінай Карлсан, Zaz. Альбом можна крыху падкараціць, але, як кажуць, з песні слова не выкінеш.