Івацэвіцкія прадпрымальнікі пішуць калектыўныя скаргі на канкурэнтаў
Гандляры з мясцовага рынку вырашылі такім чынам змагацца з дэмпінгам.
У калектыўнай скарзе, якую яны даслалі ў райвыканкам, адзначаецца, што адна з прадпрымальніц прадае па значна ніжэйшых цэнах аналагічны да іхняга тавар, а гэта нясе пагрозу бізнэсу і фінансаваму стану іх сем’яў.
“Падазроную” бізнэсвумэн праверылі падаткавікі абласной інспекцыі і значных парушэнняў у дзейнасці не знайшлі. Як высветлілася, жанчына за кошт таваразвароту і змяншэння выдаткаў здолела выставіць ў 1,5-2 разы ніжэйшыя кошты на вопратку і абутак, якія прадае цягам тыдня ў сваіх крамах. А большасць прадпрымальнікаў накручвае на тавар вялізны працэнт і чакае суботы, калі на івацэвіцкім рынку найбольшы наплыў пакупнікоў, піша газета “Івацэвіцкі веснік”.