.K “УніСон”
Моцны, шаманскі і вельмі шчыры рэліз, які можна назваць новай з’явай на беларускай сцэне.
Альбом калектыву “.К” “УніСон” — незвычайная з’ява для беларускай сцэны, хоць і не новая на постсавецкай прасторы. Яўген Кучмэйна выконвае аўтарскія песні пад гітару, але гэта не пакідае нават намёку на бардаўскаю песню. Адна гітара і рэдкія эфекты гучаць настолькі тлуста і паўнавартасна, што, падаецца, дадай хоць адзін іншы інструмент у запіс, і трэкі будуць беззваротна сапсаваныя.
Вельмі уражвае і запамінаецца вакал Яўгена. Гэта такая мешаніна хрыпаў, эмацыйнасці, крыку, а праз секунду спакою, медытацыі і шаманства. Адзіны момант, які адмоўна ўплывае на праслухоўванне альбома, — моцнае падабенства манеры выканання ды вакальнай падачы на Аляксандра Васільева (“Сплин”). Што праўда, сапраўды моцна гэта заўважна толькі ў некаторых трэках.
У той жа час, дыск “УніСон” вельмі нагадвае сольныя працы Леаніда Фёдарава і Уладзіміра Волкава. Не хапае хіба толькі таго музычнага і імправізацыйнага досведу, які маюць музыкі “Аукцыона”. Але інтанацыі, багацце мелодый, рытміка… да прыкладу, трэк “Анёлам гімн” цалкам маглі б выконваць і ўласна самі “аукцыёншчыкі”, нягледзячы нават не беларускую мову, якая, дарэчы, вельмі арганічна ўпісваецца ў стылістыку. Пры гэтым казаць пра плагіят ці капіяванне не даводзіцца. “.К” ўсё ж гучыць па-свойму: больш жорстка і проста, што, на мой погляд, хутчэй, станоўчы паказчык для масавага успрыняцця.
11 трэкаў дыска “УніСон” ствараюць адну агульную мантру-шаманскі-нагавор. Паўзы паміж песнямі нібы не існуюць, ты ловіш толькі змены настрою ды энергетыкі. Нават калі дыск ідзе на паўтор, адчування, што гэта ўжо дзесьці чуў, не з’яўляецца. Вельмі шчырая і вельмі нечаканая праца, якая выклікае жаданне паслухаць выканаўцу на жыва. Калі харызма Яўгена так перадаецца праз запіс, то што ж будзе на канцэрце? Хацелася б спраўдзіць!
- Трэк-ліст:
- 01 – Днем не пой
- 02 – Ной
- 03 – Птица С
- 04 – Домовой
- 05 – Ночью пой
- 06 – Анёлам гімн
- 07 – Малады М
- 08 – Принц Зелёных гор
- 09 – Гражданин С
- 10 – Белка
- 11 – УніСон
- Музыка, тэксты, вакал, гітара, эффекты — Яўген Кучмэйна.