Каб купіць кватэру ў Мінску, настаўнікам трэба нічога не есці 13 гадоў

Еўрарадыё падлічыла, за колькі гадоў бюджэтнікі змогуць накапіць сабе на самае таннае жыллё, калі будуць адкладаць увесь заробак. Паводле апошніх дадзеных Белстата, сёння сярэдні жыхар Беларусі за месяц зарабляе 1 мільён 130 тысяч рублёў. Самыя танныя аднапакаёвыя кватэры ў Мінску каштуюць ад 40 да 50 тысяч долараў (135 мільёнаў). Атрымліваецца, што калі адкладваць заробак цалкам на працягу 10 год — можна будзе набыць уласную кватэру. Але пры гэтым давядзецца нічога не есці, не піць і не купляць іншыя неабходныя рэчы.

Сёлета ў Мінску нерухомасць купляюць на 30% менш, чым ў мінулым годзе, расказаў Еўрарадыё дырэктар агенцтва нерухомасці “БелЦТН” Мікалай Прасталупаў:

“За ліпень гэтага года ў Мінску было зарэгістравана 600 здзелак. У чэрвені — менш: 570 здзелак. У траўні —  яшчэ менш: 500 з нечым. Калі параўноўваць сёлетні ліпень з леташнім, то там было пад 900 здзелак. То бок сёлета дзесьці на 30% менш здзелак, чым было ў адпаведны перыяд мінулага года”.

Паводле словаў Мікалая Прасталупава, самая танная аднапакаёвая кватэра ў сталіцы каштуе 40-42 тысячы долараў. Такія кватэры і ёсць найбольш запатрабаванымі сярод беларусаў. Хто ж у асноўным купляе жыллё? Нечакана апынулася, што 80% ― гэта рабочыя, настаўнікі, інжынеры ды ўрачы.

Мікалай Прасталупаў: “Рабочыя, настаўнікі, інжынеры, урачы — гэта звычайны зрэз нашага грамадства. Гэта не сярэдні клас, не прадпрымальнікі, але яны складаюць адсоткаў 80 нашага грамадства. Такія самыя суадносіны і ў здзелках”.

Якім чынам настаўнік, які зарабляе сёння ў сярэднім 946 тысяч рублёў, можа набыць сабе кватэру? Тлумачыцца гэта проста, кажа спадар Прасталупаў: у 90% выпадкаў, каб набыць сабе кватэру, людзі вымушаныя прадаць былое жыллё. Гэта называецца “альтэрнатыўнай здзелкай”.

Мікалай Прасталупаў:
“Ну дзе просты рабочы ці інжынер, ці ўрач возьме тыя ж 40-50 тысяч долараў, каб купіць аднапакаёвую кватэру? Вядома, нідзе ён іх не возьме. Каб купіць сабе новае жыллё, яны вымушаныя прадаваць папярэдняе.

Здзелак, калі грамадзяне прыходзяць і прыносяць з сабой адразу цалкам суму, патрэбную для набыцця кватэры, у нас на рынку ўсяго 10%. У 90% здзелак у нас людзі набываюць жыллё, але пры гэтым прадаюць сваё былое жыллё. Вось жыла сям’я ў аднапакаёвай кватэры, нарадзілася дзіця, трошку вырасла — сям’я або бярэ крэдыт, або збірае грошы, прадае аднапакаёвую кватэру, даплачвае 10-15 тысяч і купляе двухпакаёвую. З такіх альтэрнатыўных здзелак у нас у асноўным і складаецца рынак другаснага жылля”.

Еўрарадыё вырашыла падлічыць, колькі заробкаў трэба адкласці беларускім спецыялістам, каб набыць сабе кватэру, не прадаючы іншую нерухомасць. У Белстаце нам падказалі сярэднія прыбыткі па розных катэгорыях.

Белстат: “На прамысловых прадпрыемствах сярэдні заробак у ліпені склаў 1399181 рублёў, у будаўнічых арганізацыях — 1708940 рублёў, у арганізацыях транспарту — 1565345, у сельскай гаспадарцы заробак дасягнуў 922647, у арганізацыях гандлю і грамадскага харчавання — 1125556, у сферы аховы здароўя — 1000177, у тым ліку ў лекараў — 1698900, ва ўстановах адукацыі — 842341, у тым ліку ў настаўнікаў — 945800”.

Колькі трэба не піць і не есці, нікуды не ездзіць, не апранацца і ні за што не плаціць беларускім спецыялістам, каб набыць кватэру ў сталіцы?

будаўнікам — 6,5 гадоў
транспартнікам — 7 гадоў
працаўнікам сферы прамысловасці — 8 гадоў
гандлярам — 10 гадоў
лекарам — 11 гадоў
занятым у сельскай гаспадарцы — 12 гадоў
настаўнікам — 13 гадоў

Нагадаем, што чалавек без ежы можа пражыць месяц, а без вады — усяго тры дні.

Фота: http://photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі