Каб спыніць фуру, даішнікі стралялі па ёй 80 разоў (фота)
Грузавік, які перавозіў новыя іншамаркі, па дарозе ад Зэльвы да Слоніма ўчыніў тры аварыі. Каб яго спыніць, міліцыянты гналіся каля 150 км.
Увечары 27 ліпеня слонімскія даішнікі затэлефанавалі калегам у Баранавічы і папрасілі дапамагчы спыніць неадэкватнага кіроўцу. Аўтовоз з мінскімі нумарамі, віляючы з боку ў бок і ігнаруючы патрабаванні аб прыпынку, ехаў па трасе М1 у напрамку Баранавічаў.
Па дарозе гэты аўтовоз учыніў тры аварыі ў Гродзенскай вобласці. Спрабуючы яго спыніць, супрацоўнікі Слонімскай ДАІ расстралялі па колах каля 80 патронаў, але машына, віляючы, працягвала рухацца.
Не спыніўся парушальнік і на патрабаванні баранавіцкіх інспектараў. Яны таксама пачалі страляць па колах, прабілі паліўны бак. Аднак парушальніка не спыніла і гэта, піша "Intex-press".
Толькі калі ўсё паліва выцекла з бака, фура спынілася. Па падліках супрацоўнікаў ДАІ, за неадэкватным кіроўцам яны гналіся каля 150 кіламетраў.
Сам парушальнік за чатыры дні да здарэння адзначыў сваё 30-годдзе. Верагодна, за рулём ён быў нецвярозы. На кіроўцу начапілі кайданкі і павезлі яго ў Слонім. Вядзецца праверка.
Фота — intex-press.by