Каб закрыць дзірку ў бюджэце на 2021 год, 4 млрд рублёў проста надрукуюць?

Беларускія рублі / Еўрарадыё
Беларускія рублі / Еўрарадыё

Рэспубліканскі бюджэт Беларусі на 2021 год плануецца з дэфіцытам у 4 млрд рублёў. Даходы бюджэту ацэньваюцца на ўзроўні 23,3 млрд рублёў, а расходы — 27,3 млрд. Пра гэта 17 снежня заявіў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Адкуль дзяржава возьме 4 млрд рублёў, каб закрыць гэту дзірку і прафінансаваць свае выдаткі? І як наогул гэта працуе — бюджэт з дэфіцытам? Еўрарадыё задало гэтыя пытанні эканамісту Уладзіміру Кавалкіну.

Дзе ўзяць грошай?

Чтобы закрыть дыру в бюджете на 2021 год, 4 млрд рублей просто напечатают?

"Калі мы гаворым пра заяву ўрада, то яны плануюць запаўняць гэту дзірку з нейкіх унутраных рэзерваў. Колькі гэтых рэзерваў ва ўрада ёсць — у адкрытым доступе звесткі не публікуюцца. Але ў кожным разе ўсе рэзервы зводзяцца да золатавалютных запасаў.

Так, Лукашэнка можа загадаць Нацбанку "друкаваць грошы" — пачаць павялічваць рублёвую масу. Але гэта пачне разганяць інфляцыю і справакуе рост долара. Для таго каб стрымаць інфляцыю і рост долара, адзіны спосаб — гэта траціць золатавалютныя рэзервы. Ці хопіць рэзерваў у Нацыянальнага банка з такім дэфіцытам бюджэту, гэта мы ўжо ўбачым налета", — расказвае Кавалкін.

У наступныя два гады Беларусь чакаюць сур'ёзныя выплаты па знешнім дзярждоўгу, які па большай частцы намінаваны ў валюце. Толькі ў 2021 годзе гэта каля 1,5 млрд долараў.

"Натуральна, паўстае пытанне: дзе ўзяць грошай? Прычым не толькі на пакрыццё дэфіцыту бюджэту, але і на выплату дзярждоўгу. Пры рэфінансаванні справы будуць ісці вельмі дрэнна, паколькі Еўропа і ЗША ўводзяць санкцыі. Безумоўна, яны не пойдуць на нейкія перамовы ў гэтай частцы. Але з іншага боку, дзярждоўг Беларусі ў асноўным назапашаны ў дачыненні да Расіі і да Кітая. Таму ўся ўстойлівасць эканоміка-палітычнай сітуацыі будзе ў непасрэднай залежнасці ад Расіі і Пуціна ў 2021 годзе".

Адкуль такі дэфіцыт

Прычына любога дэфіцыту — гэта перавышэнне расходаў над даходамі, тлумачыць Кавалкін.

"Даходы ўпадуць шмат у чым са знешніх прычын: Расія спыняе схаваныя датацыі рэжыму Лукашэнкі праз унутраны падатковы манеўр. Падатковы манеўр не мае непасрэднай мэты стварыць праблемы Лукашэнку, але ён іх стварае, і гэта на руку Крамлю.

Прасцей кажучы, Лукашэнка больш не зможа ператаможваць расійскую нафту і экспартныя пошліны залічаць у бюджэт. Адсюль і ўтворыцца вялікая дзірка. Другая вялікая праблема — збядненне насельніцтва і стратнасць бізнесу, гэта значыць выпадаюць даходы, звязаныя з падаткам на прыбытак". 

Таксама практычна не растуць даходы ад падаходнага падатку на фізічных асоб.

"Гэта добра відаць па Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва, рост даходаў якога не даганяе нават інфляцыю. У рэальным выражэнні даходы падаюць. Гэта адбываецца не толькі ў сувязі з тым, што не расце сярэдні заробак, а ў сувязі з тым, што скарачаецца колькасць рабочых месцаў. Дэ-факта беспрацоўе расце, а з другога боку, насельніцтва старэе і ідзе на пенсію. Усё гэта стварае велізарны ціск на Фонд сацыяльнай абароны, на кансалідаваны бюджэт".

Год таму рэспубліканскі бюджэт Беларусі быў сфармаваны з дэфіцытам, крыху меншым за 1 млрд рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі