Каб зняць кватэру праз агенцтва, трэба заплаціць 2 мільёны
А каб набыць кватэру — 13,6 мільёнаў замест ранейшых 10,5!
Ад павелічэння базавай велічыні (з 100 000 да 130 000 рублёў) паслугі рыэлтараў значна падаражэлі.
У агенцтве нерухомасці “Тваёй сталіцы” інфармуюць пра кошт паслуг — 15 базавых велічынь.
“У грашах гэта каля 1,9 мільёна”, — кажуць у агенцтве нерухомасці.
Кошты немаленькія. Атрымоўваецца, каб зняць кватэру за 350 долараў, трэба даплаціць яшчэ прыкладна 200 долараў рыэлтару.
Але агенцтвы нерухомасці не баяцца, што гэта скароціць колькасць кліентаў.
“Насамрэч, мы не адчулі пакуль зніжэння колькасці кліентаў — нармальная працоўная сітуацыя. Гэта не ад нашага жадання кошты павысіліся, не з нашае волі – ёсць пастанова Саўміна, па ёй мы і працуем”, — кажа ў каментары Еўрарадыё намесніца дырэктара агенцтва нерухомасці “Твая сталіца” Валянціна Сянчыхіна. Рыэлтар адзначае, што трэба арыентавацца менавіта на гэты кошт, бо “калі агенцтва называе 50% ад кошту арэнды — гэта няправільна і незаконна”.
"Чорныя рыэлтары" бяруць танней: зняць кватэру з імі, але без ніякіх гарантый, каштуе каля 1,3-1,5 мільёнаў рублёў.
Акрамя паслуг за арэнду жылля, выраслі і кошты за набыццё кватэры праз пасярэднікаў. Гэта па-ранейшаму каштуе 105 базавых велічынь. Але раней гэта было 10,5 мільёнаў, а цяпер за набыццё кватэры пакупнік заплаціць 13,6 мільёнаў.