Кабанчук патлумачыў, чаму каліноўцы не ідуць рэйдамі ў Беларусь

Вадзім Кабанчук

Вадзім Кабанчук

Каліноўцы не плануюць рабіць рэйды ў Беларусь — у адрозненне ад байцоў Рускага добраахвотніцкага корпуса, які часам ладзіў такія рэйды на тэрыторыю Расіі. Пра гэта ў інтэрв'ю "Маланцы" заявіў былы намеснік камандзіра палка Каліноўскага, а цяпер прадстаўнік Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бяспецы ў Аб'яднаным пераходным кабінеце (АПК) Вадзім Кабанчук.

На думку Кабанчука, такія рэйды на тэрыторыю Беларусі не маюць сэнсу: "Я проста не разумею, якую мэту можна дасягнуць гэтымі рэйдамі. Таму што рэйд расійскіх добраахвотнікаў зразумелы — адцягнуць сілы з іншых участкаў фронту. Тады былі таксама так званыя выбары Пуціна ў Расіі, магчыма, гэта была прычына".

Таксама ён звяртае ўвагу, што на мяжы служаць вайскоўцы тэрміновай службы — маладыя хлопцы, частка з якіх магла прымаць удзел у пратэстах у 2020-м. "Гэта самы горшы сцэнарый, што хтосьці дзесьці зойдзе і пачне забіваць адзін аднаго. Да Лукашэнкі ж такім чынам мы не дабярэмся", — разважае Кабанчук. На яго думку, на сёння такія акцыі можна расцэньваць як правакацыйныя.

Кабанчук мяркуе, што сітуацыя ў Беларусі вырашыцца не праз баявыя дзеянні. Ён згадвае, што падчас Другой сусветнай вайны шэраг краін пасля ўзяцця Берліна былі дэакупаваныя без баёў. "Ваенны міністр" АПК падкрэслівае, што сёння найбольшая праблема для Беларусі — пуцінскі рэжым.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі