Кабінет Ціханоўскай заклікае падтрымаць беларускі народ у яго супраціве рэжыму
Падчас масавых пратэстаў 2020-га ў Мінску / З архіва Еўрарадыё
"Беларусь — гэта не губернія Расіі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць", — гаворыцца ў заяве Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Ён адрэагаваў на нядаўнія словы прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, які назваў нашу краіну "адной з губерняў Расіі", бо яна "ўжо не незалежная дзяржава". Аб’яднаны пераходны кабінет лічыць, што "такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народа".
"Беларусь як дзяржава сапраўды страчвае свой суверэнітэт праз паглыбленне залежнасці ад Расіі, — гаворыцца ў заяве. — Да гэтага вядуць злачынныя дзеянні расійскага кіраўніцтва і марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі. Аднак адбываецца гэта насуперак волі беларускага народа, яго імкненню да незалежнасці і свабоды".
Падкрэсліваецца, што абсалютная большасць беларусаў выступае за незалежнасць РБ. Яны супраць уступлення Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі, як і "супраць удзелу ў развязанай пры падтрымцы нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі агрэсіі супраць Украіны". Адзначаецца, што "на працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы змагаліся і зараз мужна змагаюцца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны і дапамагаюць Украіне дамагчыся перамогі над Расіяй".
Аб’яднаны пераходны кабінет заклікае кіраўніцтва ўсіх краін-саюзніц дэмакратычнай Беларусі выступіць з заявамі ў абарону яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці: "Неабходна асудзіць дзеянні Расіі па падрыве беларускага суверэнітэту і прыцягнуць яе кіраўніцтва да адказнасці".
Аб’яднаны пераходны кабінет "заклікае краіны-партнёры практычнымі захадамі падтрымаць беларускі народ у ягоным супраціве дыктатуры і супрацьдзейнічаць спробам інкарпарацыі нашай краіны з боку Расіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.