Кадыраў дорыць сілавікам люксавыя нямецкія аўто. Яны маглі трапіць да яго з РБ

Як у Расію праз Беларусь едуць люксавыя аўто

Як у Расію праз Беларусь едуць люксавыя аўто / @rubanau_collage

Нямецкія журналісты заўважылі, што Рамзан Кадыраў узнагароджвае чачэнскіх сілавікоў люксавымі аўто з Нямеччыны.

Так, імпарт люксавых аўтамабіляў у Расію забаронены санкцыямі. Але нядаўна расследвальнікі "Бюро" сумесна з "КіберПартызанамі" і расійскім выданнем "Вёрстка" высветлілі, што брэндавыя аўто могуць трапляць у Расію праз Беларусь.

А цяпер нямецкія расследвальнікі з zdf.de знайшлі аднаго з кіраўнікоў аўтасалона, які пазнаў "сваю" машыну на фота ў адным з расійскіх тэлеграм-каналаў, які прапаноўваў яе на продаж. Мужчына сцвярджае, што дакладна не прадаваў аўтамабіль у РФ.

 

"Але мы не ведалі!"

Аўтамабіль Audi RS7 з нямецкім нумарам усплыў у адным з расійскіх тэлеграм-каналаў. Кошт пакупкі — 130 тыс. еўра. Фота зроблена ў Санкт-Пецярбургу.

Прадавец аўтамабіля — аўтасалон у нямецкім Аўгсбургу. Ягоны кіраўнік Міхаэль Агштайнэр запэўнівае, што машыну прадавалі не расійцу.

"Калі б мы ведалі, што машына едзе ў Расію, мы б адмовіліся ад угоды", — тлумачыць кіраўнік аўтасалона.

Той жа пакупнік, які купіў Audi RS7 у нямецкім салоне, прадае праз Telegram розныя аўто і не адмаўляе, што купляе машыны для перапродажу нямецкім, польскім, літоўскім, латвійскім дылерам — а часам і наўпрост пакупнікам з Беларусі.

У інтэрв'ю ZDF ён кажа, што не надае гэтаму асаблівага значэння, бо не парушае ані нямецкія законы, ані міжнародныя санкцыі. Ён не асабліва рэфлексуе з гэтай нагоды, бо гаворка не ідзе аб продажы зброі.

Еўрарадыё знайшло ў Telegram шэраг прадаўцоў, якія прапануюць купіць дарагія аўто і пераправіць іх у Расію праз Беларусь. Нягледзячы на тое, што санкцыі забараняюць прадаваць у РФ аўтамабілі даражэй 50 тыс. долараў, у прапановах лёгка можна знайсці і аўто даражэйшыя за 300 тыс. долараў.

Кадыров дарит силовикам люксовые немецкие авто. Они могли попасть к нему из РБ
У Расію нельга ўвозіць аўто даражэйшыя за 50 тысяч еўра. Але калі праз Беларусь — можна прывезці і за 250 тыс. еўра.

Нямецкія следчыя таксама пабывалі на мяжы Беларусі з ЕС і пагаварылі з тымі, хто вязе люксавыя аўто ў краіну. Усе яны запэўніваюць, што транспартуюць машыны для беларусаў, а не для расіян.

 

Кадыраўцы на дарагіх аўто

Спярша беларускія следчыя даказалі, а цяпер нямецкія — пацвердзілі: машыны перавозяць па Еўропе да знешніх межаў ЕС. З Нямеччыны праз Польшчу і Літву яны трапляюць у Беларусь (на якую гэтыя санкцыі не распаўсюджваюцца).

"Санкцыі добрыя настолькі, наколькі яны рэалізуюцца", —  кажа даследчык санкцый Крыстыян фон Зост.

Калі ўлады не сочаць за выкананнем санкцый, "дзялкі" будуць выкарыстоўваць шчыліны ў іх, эліта Уладзіміра Пуціна зможа і далей атрымліваць асалоду ад раскошнага жыцця, а сілавікі Кадырава — будуць ездзіць на люксавых нямецкіх аўтамабілях.

Кадыров дарит силовикам люксовые немецкие авто. Они могли попасть к нему из РБ
Падарунак чачэнскім сілавікам / скрыншот з тэлеграм-канала Рамзана Кадырава

Так-так, яшчэ ў лістападзе кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў падарыў камандзірам сілавых падраздзяленняў "сучасныя і якасныя машыны". Сярод падстаў для ўзнагароджання — "значны ўклад" у барацьбу з "укранатаўскімі фарміраваннямі".

Да віншавальнага паведамлення прыкладалася відэа, на якім было намалявана не менш за 20 аўтамабіляў марак Mercedes і GMC.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі