"Калабайк" будзе шэрыць электраровары і самакаты, але партыя затрымалася ў Кітаі
euroradio.fm
Днямі ў Мінску зноў з'явіліся пракатныя ровары ад "Калабайка". Праграма велашэрынгу пакуль нічога не паказвае, але мы сфатаграфавалі парачку на жоўтых роварах недалёка ад рэдакцыі Еўрарадыё.
"Сезон яшчэ не пачаўся, — расчароўвае нас дырэктар "Калабайка" Вадзім Осіпчык. — Гэта нашы хлопцы і дзяўчаты тэставалі электраровары. Яны правяралі іх далёкасць ходу на акумулятары. Выйшла 35 кіламетраў".
Так мы даведаліся, што ў наступным сезоне "Калабайк" плануе шэрыць не толькі звычайныя ровары, але і электрычныя. На фота можна разгледзець больш шырокую раму — там і знаходзіцца акумулятар. Таксама сэрвіс працягне шэрыць электрасамакаты, сярод якіх з'явяцца мадэлі "падвышанай камфортнасці".
"Мы іх павінны былі атрымаць ужо, але праз зразумелыя прычыны [эпідэмію каранавіруса. — Еўрарадыё] у Кітаі мы іх атрымаем толькі ў красавіку. Яны падвышанай камфортнасці — на незалежнай падвесцы, вельмі магутныя — і самі па сабе даражэйшыя ў два разы, таму і каштаваць паездка будзе даражэй. Такіх у нас будзе 450 штук", — кажа Вадзім Осіпчык.
Сістэма тарыфікацыі на будучы сезон змяняецца — цяпер яна будзе штохвіліннай:
— звычайны ровар: 50 капеек — пачатак паездкі, 3 капейкі за хвіліну (атрымліваецца 2 рублі 30 капеек за гадзіну);
— звычайны электрасамакат: 1 рубель — пачатак паездкі, 15 капеек за хвіліну (атрымліваецца 10 рублёў за гадзіну);
— электраровар: 1 рубель — пачатак паездкі, 20 капеек за хвіліну (атрымліваецца 13 рублёў за гадзіну);
— электрасамакат падвышанай камфортнасці: 1 рубель — пачатак паездкі, 24 капейкі за хвіліну (атрымліваецца 15 рублёў 40 капеек за гадзіну).
Сістэма заахвочвання
У наступным сезоне "Калабайк" уводзіць сістэму заахвочвання. Акрамя зон, дзе пакідаць ровары і самакаты нельга, на карце праграмы з'явяцца вобласці, дзе кампанія хацела б бачыць свой транспарт.
"Калі ровар [або самакат] будзе пастаўлены ў той зоне, дзе мы б хацелі, то гэта будзе залічвацца і карыстальнік атрымае, напрыклад, зніжку ў паездцы. А калі карыстальнік заедзе за зону карыстання паслугамі шэрынгу, ён атрымае пуш-паведамленне з рэкамендацыяй вярнуцца. Калі ён заедзе за зону і паспрабуе пакінуць ровар там, то арэнда не будзе спыненая. Такім чынам хочам падняць дысцыпліну зрэзу карыстальнікаў", — тлумачыць Вадзім Осіпчык.
Сезон пачнецца не раней за красавік
Нягледзячы на тое, што на вуліцы ўжо цалкам вясновае надвор'е, "Калабайк" пачне сезон не раней за красавік. Вадзім Осіпчык паведаміў, што кампанія цалкам перапісвае праграмнае забеспячэнне. Усё залежыць ад тэрміну яго гатоўнасці:
"Ёсць два варыянты: аптымістычны — 1 красавіка, песімістычны — 20 красавіка. Усё будзе залежаць і ад умоў надвор'я".
У пачатку сезона 2020 года "Калабайк" плануе расставіць па вуліцах Мінска 3 тысячы звычайных ровараў, 300 электраровараў і 700 электрасамакатаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.