“Калі бачаць, што ром ці ромка прыйшла, пачынаецца: вакансію закрылі…”

“Калі бачаць, што ром ці ромка прыйшла, пачынаецца: вакансію закрылі…”

Цыганы жывуць на тэрыторыі Беларусі сотні гадоў. Увесь гэты час улады ставіліся да іх па-рознаму: то забаранялі сяліцца ў Рэчы Паспалітай, то ўтваралі ў Віцебскай вобласці першы ў СССР цыганскі калгас.

Сёння ў Беларусі прыкладна 60 тысяч цыганоў. Іх стасункі з уладамі, як і заўжды, складаюцца вельмі па-рознаму. Адны прынялі “правілы гульні” і інтэграваліся ў грамадства. Іншыя застаюцца ізгоямі: перабіваюцца выпадковымі заробкамі, пераязджаюць з месца на месца і не атрымліваюць беларускіх пашпартоў.

Ад чаго гэта залежыць? Колькі цыганоў сёння жыве без пашпартоў, і што перашкаджае ім легалізавацца? Нарэшце, чаму ў нашым адукаваным грамадстве дагэтуль існуюць стэрэатыпы адносна цыганоў? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з віцэ-кіраўніком беларускай цыганскай дыяспары Артурам Гоманавым.

Еўрарадыё: Колькі ромаў сёння жыве ў Беларусі, і якая частка з іх жыве без дакументаў?

Артур Гоманаў: Некалькі гадоў таму мы падлічвалі людзей у межах праектаў з Фондам паразумення і прымірэння. Атрымалася, што ўсяго, ад самых старых да самых малых дзяцей, у Беларусі жывуць прыкладна 60 тысяч ромаў. Пашпартоў, наколькі я ведаю, няма ў вельмі невялікай часткі. У Мінску адзін-два чалавекі, хто пераехаў з Украіны. І яшчэ прыблізна дваццаць сем’яў па ўсёй краіне. Гэта прыблізная лічба, я не магу ведаць ўсіх. І трэба разумець, што не ўсе звяртаюцца да нас па дапамогу.

Мы звяртаемся ў АГіМы [Аддзелы па грамадзянстве і міграцыі. — Еўрарадыё], пішам лісты. Справа ў тым, што калі ў чалавека няма рэгістрацыі, яму даюць штраф. А калі ён не працуе, дык, чым аплаціць?

“Калі бачаць, што ром ці ромка прыйшла, пачынаецца: вакансію закрылі…”
“Калі бачаць, што ром ці ромка прыйшла, пачынаецца: вакансію закрылі…”

Еўрарадыё: На ваш погляд, чаму такое стаўленне да ромаў?

Артур Гоманаў: Гэта стэрэатыпы. Раней лічылі, што цыган украдзе каня, а цыганка паварожыць. Потым, на жаль, пайшла наркаманія і наркабізнес. Гэта вельмі моцна падмачыла рэпутацыю, чаго тут хаваць…На сёння, па маіх даных, 80% рома, якія гэтым займаліся [гандлявалі наркотыкамі. — Еўрарадыё], больш не займаюцца. Няма ніводнага выпадку, калі ром ублытаны ў продаж спайсаў.

Ад наркотыкаў вельмі пацярпелі самі рома, калі моладзь станавілася наркаманамі. Людзі зразумелі: прадаў — турма. Шмат, хто адседзеў, выйшаў і цяпер шукае працу. Каму можам, тым дапамагаем.

Супрацоўнікі МУС паведамлялі, што самы мінімальны працэнт правапарушэнняў у ромаў. Мы згодныя, бо ведаем прыблізна, дзе і чым займаюцца людзі. Прыязджаю ў РАУС — мне кажуць: “Артур Іванавіч, твае вось тое і тое зрабілі”. Калі зрабілі, карайце, адказваю. Закон роўны для ўсіх, але і правы для рома павінны быць, як у іншых грамадзян. А галоўная праблема — у працаўладкаванні. Каб бралі на працу, дык рома маглі б аплаціць штрафы, якія дае АГіМ за жыццё без рэгістрацыі.            

Як дапамагчы ромам?

Праваабаронцы настойваюць, што ў Беларусі прыйшоў час для пашпартнай амністыі: ромаў, якія жывуць без дакументаў, трэба вызваліць іх ад штрафаў за парушэнне міграцыйнага заканадаўства, і выдаць ім пашпарты. Тады яны змаглі б уладкоўвацца на працу, рэгістравацца ў паліклініках і наогул  удзельнічаць у жыцці грамадства.

"Мы кажам пра тое, што дзяржава можа прымаць пазітыўныя дзеянні, каб" падцягнуць "уразлівую групу да ўзроўню, якога дасягнулі іншыя людзі ў краіне, — расказвае Еўрарадыё юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Дзмітрый Чарных. — Даць магчымасць людзям, калі яны гэтага хочуць, атрымаць пашпарт". 

Але ў дзяржаўных органаў ёсць сваё бачанне сітуацыі. Яно заключаецца ў тым, што людзі без дакументаў — гэта сапраўды праблема, але аб легалізацыі яны павінны паклапаціцца самі.

"Давайце пра гэта сумесна размаўляць. Мы з задавальненнем уцягнем гэтую катэгорыю ў легалізацыю, — распавядае Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. — Мы са свайго боку нешта зробім, але хай і яны нешта зробяць. Набяруцца сіл і прыйдуць у падраздзяленне. А казкі пра тое, што яны бедныя і няшчасныя, мы чулі ўжо даўно".

На думку Бягуна, штрафы, накладзеныя на цыган раней, усё ж давядзецца заплаціць, бо закон адзін для ўсіх, і ён павінен выконвацца. А пад амністыяй нельга разумець "вольніцу". 

Больш цікавых падзей у праграме Еўразум за 18.12 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі