Калі беларускія салдаты пачалі размаўляць па-беларуску?
Ці зычылі беларускія ваяры свайму князю добрага здароўя і ці называлі яго таварышам? І што крычалі ў адказ на расійскае “Ура!” касінеры Каліноўскага?
Сёння ва Ўзброеных сілах краіны ёсць толькі адно цалкам беларускамоўнае вайсковае фармаванне — рота ганаровай варты. Нагадаем, напачатку лютага, найперш для патрэбаў гэтай роты, з ініцыятывы Міністэрства абароны спецыялісты Інстытуту мовазнаўства пераклалі на родную мову вайсковыя статуты. А як было з беларускай мовай у нашых продкаў, слынных ваяроў?
З часоў Вялікага княства Літоўскага пра загады і каманды звестак да сённяшніх часоў не дайшло, паціскае плячыма гісторык Генадзь Сагановіч. Адзінае, пра што можна сказаць напэўна, — гэта баявыя клічы нашых продкаў, адлюстраваныя ў сярэднявечных хроніках.
Генадзь Сагановіч: “Баявыя клічы трохі вядомыя па хроніках. Мала для якіх бітваў ёсць звесткі. Пра Грунвальдскую ведаем, што для харугваў Вітаўта — гэта “Вільня!”, а для польскіх — “Кракаў!”
Што датычыцца кліча “Рубон”, ваярскага гімна “Багародзіца”, то гэта, паводле словаў Сагановіча, фантазіі рамантыкаў-адраджэнцаў, не пацверджаныя дакументальна.
Вядома, што з канца XVI стагоддзя ўсё палітычнае жыццё ў ВКЛ пераходзіць на польскую мову. Але шматнацыянальнае войска краіны працягвала размаўляць на розных мовах. Вайсковыя ж статуты, якія рэгулявалі адзіную для ўсіх сістэму загадаў, з’явіліся значна пазней – толькі напачатку ХХ стагоддзя, калі ўзніклі рэгулярныя вайсковыя фармаванні. Адпаведна, і рушанне Рэчы Паспалітай, і паўстанцы Кастуся Каліноўскага слухаліся кожны свайго ўласнага камандзіра: хто па-польску, хто па-беларуску, хто яшчэ як.
У 1919 годзе была створаная Беларуская вайсковая камісія, якая выступала за фармаванне і беларусізацыю нацыянальнага войска. Сябры камісіі вялі ўсю дакументацыю на роднай мове і нават здолелі мабілізаваць два цалкам беларускамоўныя батальёны. У 1920 годзе БВК выдала кніжку “Падарунак беларускаму жаўнеру”, якую атрымліваў кожны жаўнер-добраахвотнік. Сярод іншага, былі там і “10 прыказаньняў для беларускага жаўнера”, складзеныя Змітруком Бядулем. Вось адно з іх:
“Калі ты праваслаўны, — ня думай, што ты расеец. Калі ты каталік, — ня думай, што ты паляк. Ведай, што ты беларус, і гавары ўсюды толькі па-беларуску, бо гэта твая родная мова, мова тваіх бацькоў і дзядоў. Хто саромеецца сваей роднай мовы, той ня сын свайго краю, той нявольнік у чужых і здрайца свайму народу. Твой край, народ і мова ня горшыя за іншыя краі, народы і мовы”.
Пасля абвяшчэння беларусізацыі ў Савецкай Беларусі пачалася праца над вайсковымі слоўнікамі, выдаваліся адмысловыя газеты для жаўнераў. Як паведаміў Еўрарадыё загадчык аддзела ваеннай гiсторыi i мiждзяржаўных адносiнаў Iнстытута гiсторыi НАН, прафесар Аляксей Лiтвiн, не абмінулі рэформы і тагачасную Чырвоную армію.
Аляксей Літвін: “Чырвоная армія — некалькі дывізіяў у нас былі пераведзеныя на беларускую мову. Яны лічыліся як тэрытарыяльныя, то бок туды набіраліся і служылі мясцовыя хлопцы. Наколькі там ужывалася мова — цяжка сказаць. Але спробы былі, калі вось гэты “Беларускі вайсковы слоўнік” выдалі, працавалі над статутамі на беларускай мове”.
Згорнутая напачатку 1930-х беларусізацыя прыпыніла і працэс фармавання нацыянальнага войска. Працэс аднавіўся ўжо падчас Другой сусветнай вайны, калі ў 1943 годзе адмыслова для Беларускай краёвай абароны быў падрыхтаваны страявы статут на роднай мове.
Афіцэр БКА Аўген Усюкевіч служыў пад непасрэдным камандаваннем Барыса Рагулі. У гутарцы з Еўрарадыё былы жаўнер пацвердзіў, што ўся служба ў “рагулеўцаў” адбывалася выключна па-беларуску.
Аўген Усюкевіч: “Выключна па-беларуску! “Строиться”, напрыклад — “Увага! У тры шарэнгі станавіся!”, “Раўняй!”. Калі без зброі, то ўсё — “Зброя на плячо!”, пасля — “Зброя да нагі!”. Спадар дружыновы, звязовы, ротны, спадар лейтэнант… Ну, “Есть!” — “Выканаць” гаварылі. “Смирно!” — гэта “Зважай!”. “Права фронт! Лева фронт!”, “Кругом!”, “Крокам марш!”… Ну, “Ура!” — яно і было “Ура!””.
Менавіта Статут БКА і стаў асновай для працы над “Беларуска-расійскім вайсковым слоўнікам”, выдадзеным пасля аднаўлення незалежнасці суверэннай Беларусі. Адзін з укладальнікаў кнігі Станіслаў Суднік прыгадвае, што слоўнік атрымаўся сапраўды ўнікальны. Па сутнасці, аўтары здолелі распрацаваць нацыянальную вайсковую тэрміналагічную сістэму на аснове напрацовак перыяду беларусізацыі, а таксама ўлічваючы досвед іншых славянскіх войскаў — і нават польскага корпусу ў складзе войска Напалеона.
Станіслаў Суднік: “Дзе па-руску кажуць “Есть!” і мы ўвялі слова “Рэй!” — па-польску было: “Wedlug roskazu!” — у часы Напалеона ў гэтым польскім корпусе Панятоўскага. Была прапанова ўвесці адказ: “Паводле загаду!” — гэта сэнсава правільна. Калі б далейшая праца над гэтым пайшла, магчыма, гэты “Рэй!” быў бы заменены вось на гэты. Хаця гэта з двух словаў, што не вельмі зручна, але гэта сэнсава правільна”.
Часам, як прызнаецца Станіслаў Суднік, распрацоўшчыкам даводзілася прыдумваць абсалютна новыя словы.
Станіслаў Суднік: “Ёсць некаторыя прыдуманыя словы і каманды, якіх не было ў слоўніку Беларускай краёвай абароны. Напрыклад, слова “рэй”. Статут Беларускай краёвай абароны не прадугледжваў такіх камандаў, як, скажам, па-руску “Полоборота налево — полоборота направо!”. Паколькі ў нас “Налева-направа!” даецца “Лева фронт! Права фронт!”, то ўжо гэта быў наватвор “Лева скос! Права скос!”. Вітанне было такое: “Вітаю, спадарства!”, а ў адказ — “Вітаем спадара падпалкоўніка!”.
Дарэчы, вынікі працы над слоўнікам былі замацаваныя і на практыцы — у зенітна-ракетным дывізіёне, якім на той час камандаваў Станіслаў Суднік.
Станіслаў Суднік: “Усе паўтара года, пакуль я быў, усё было па-беларуску: і “Лева фронт!”, і “Крокам руш!”, “Шэраг, зважай!” — усё гэта было на практыцы з канца 1992-га да траўня 1994-га. Дарэчы, акрамя таго, што там шыхтовая падрыхтоўка, дывізіён вёў і баявую работу па-беларуску. Хаця баявыя статуты не перакладаліся, але ў тым аб’ёме, у якім трэба было менавіта для дывізіёну, — усё вялося па-беларуску, усе каманды аддаваліся па-беларуску. Урэшце, і мяне звольнілі — і ўсё гэта перастала існаваць. Яны перавялі той дывізіён на рускую мову”.
Нагадаем, сёлета напачатку лютага Інстытут мовазнаўства на замову Міністэрства абароны пераклаў дзейсныя вайсковыя статуты на беларускую мову. Гэткім чынам, моўная гісторыя нашага войска працягваецца — і, на шчасце, у мірных умовах.