"Калі вязуць на суд, заўсёды думаю, што я цяпер вельмі блізка да дома" — Пачобут

Анджэй Пачобут на судзе / БЕЛТА
Анджэй Пачобут на судзе / БЕЛТА

Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут даслаў ліст жонцы. Цытаты з яго апублікавала "Гарадзенская праваабарона".

Пачобут паведамляе, што судовыя пасяджэнні над ім ідуць кожны дзень, таму ён не паспявае пісаць жонцы ў традыцыйным рэжыме.

"Перадавай прывітанне ўсім, хто мяне не забыўся, хто ўспамінае, моліцца за мяне і проста перажывае за мой лёс.

Калі вязуць на суд, заўсёды думаю, што я цяпер вельмі блізка да дома, усяго нейкіх метраў 700-800. Так блізка я даўно не быў. Ад гэтага нават не па сабе становіцца. Бо прывык, што далёка", — піша ў лісце палітвязень.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года, калі арыштоўвалі і іншых актывістаў польскай нацыянальнай меншасці. Паведамлялася, што яму прапаноўвалі выехаць у Польшчу, але Пачобут адмовіўся пакідаць Беларусь.

Журналіста вінавацяць у закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130).

4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў Пачобута ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Суд над ім праходзіць у закрытым рэжыме. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі