"Калійная вайна" з Расіяй каштавала Беларусі 1,7 мільярда долараў
Страты ад канфлікту падлічыла Міністэрства фінансаў нашай краіны.
Пра гэта ў "Народнай газеце" распавёў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч. Па яго словах, з-за скарачэння экспарту калійных угнаенняў і зніжэння паставак расійскай нафты бюджэт Беларусі ў 2013 годзе недалічыўся 16 трыльёнаў рублёў. Гэта прыблізна 1,7 мільярда долараў.
Асобную ўвагу чыноўнік надаў уступленню Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ён заявіў, што наша краіна ад гэтага моцна прайграла.
Нагадаем, што ў канцы жніўня ў Мінску арыштавалі гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера. Бізнэсмэна абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і махінацыях вакол Беларускай калійнай кампаніі. Шкода Беларусі была ацэненая ў сто мільёнаў долараў.
Фота — ИТАР-ТАСС