Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы

Беларускія вайскоўцы трэніруюцца ў акопе на Гожскім палігоне

Беларускія вайскоўцы трэніруюцца ў акопе на Гожскім палігоне / t.me/modmilby/

Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы. Іх выкапалі і абсталявалі на ўскрайку Гожскага вайсковага палігона. Там жа ёсць і траншэі для тэхнікі. Як паведамляе Радыё Свабода, гэтыя фартыфікацыі могуць быць часткай так званага "вузла супраціву", пабудову якога анансавалі больш за год таму. Да мяжы з Літвой адтуль каля шасці кіламетраў, побач — памежны пераход "Прывалка — Райгардас".

Будуць будавацца новыя ўмацаваныя раёны "па перыметры нашай мяжы", заявіў восенню 2023-га Аляксандр Лукашэнка. Ён тады знаёміўся з "варыянтам інжынернага абсталявання вузла супраціву Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасцямі" (раней "вузел супраціву" будавалі на Гомельшчыне). Задача аб'ектаў — прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў. Па словах Лукашэнкі, усё стваралася "з улікам баявых дзеянняў ва Украіне".

Фартыфікацыі каля мяжы з Літвой добра бачныя на спадарожнікавым здымку, зробленым кампаніяй Planet Labs 14 снежня 2024-га. На ўсходнім баку дарогі, што вядзе на памежны пункт, напрыканцы лістапада вайскоўцы выкапалі вялізную траншэю. Яе даўжыня складае 340 метраў, шырыня — ад 5 да 7 метраў (супрацьтанкавы роў?). Па гэтай траншэі можа свабодна праехаць танк.

На захад ад дарогі на памежны пункт выкапаныя акопы для пяхоты (эксперты слушна заўважаюць, што іх могуць выкарыстоўваць для трэніровак). Іх даўжыня складае амаль 200 метраў. Там жа ў некаторых месцах бачныя адзінкавыя ўмацаванні.

Выданне адзначае, што гэтая тэрыторыя мае прыродаахоўны статус і належыць рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку "Горадзенская пушча". Земляныя працы там пачаліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы
Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы
Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы
У акопе на Гожскім палігоне
Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.