Каманды Ціханоўскай, Латушкі і Цапкалы абмеркавалі План перамогі-2021
Павел Латушка, Вольга Кавалькова, Святлана Ціханоўская, Вераніка і Валерый Цапкала / @tsikhanouskaya
Каманды беларускіх дэмакратычных лідараў правялі сумесную сустрэчу, на якой абмеркавалі План перамогі-2021, паведамляе телеграм-канал Святланы Ціханоўскай.
У сустрэчы ўзялі ўдзел сама Ціханоўская, лідар Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка, Вераніка і Валерый Цапкала і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху. Быў выпрацаваны шэраг напрамкаў, па якіх мае адбыцца праца.
У прыватнасці, мяркуецца накіраваць намаганні на дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій; нарошчванне пратэснай актыўнасці; эканамічны і палітычны ціск на рэжым; падтрымку мясцовых супольнасцяў; стварэнне бяспечных інструментаў для выражэння голасу большасці; павелічэнне падтрымкі дэмакратычных сіл з боку дзяржслужачых, а таксама на вяртанне законнасці і пакарання вінаватых у гвалце.
У офісе Ціханоўскай перакананыя, што 2021 год – "час дзейнічаць, мабілізаваць усе рэсурсы, дэманстраваць, што нас большасць". Ужо пачата падрыхтоўка сумесных лютаўскіх кампаній.
Дэталі плана ўдзельнікі кааліцыі маюць намер раскрыць на наступным тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.