Камісар па правах чалавека Савета Еўропы просіць Латвію бараніць правы мігрантаў
Мяжа Беларусі і Латвіі / Sputnik
Латвійскія ўлады мусяць абараняць правы людзей, якія шукаюць абароны на мяжы з Беларуссю. Пра гэта напісала камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч у лісце на адрас міністра ўнутраных спраў Латвіі Марыса Кучынскіса, перадае DW.
Міятавіч падкрэслівае, што выгнанне людзей на беларуска-латвійскай мяжы прывяло да цяжкіх траўмаў у мужчын, жанчын і дзяцей, а таксама да смерці аднаго чалавека. "Правы чалавека павінны быць абароненыя нават у складаных умовах, у тым ліку пры спробе незаконнага перасячэння мяжы", — піша камісар Савета Еўропы.
Вынікам мігранцкага крызісу, які разгарнуўся на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза ў 2021-2022 гадах, стала больш жорсткае стаўленне памежнікаў да мігрантаў, якія ідуць з тэрыторыі Беларусі. Неаднаразова з'яўляліся паведамленні, што памежнікі Польшчы, Літвы і Латвіі выціскаюць назад мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перайсці мяжы. У сваю чаргу беларускія памежнікі, як сведчаць іх еўрасаюзаўскія калегі, дапамагаюць мігрантам парушаць мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.