Камітэт салдацкіх маці атрымлівае па 200-300 трывожных лістоў на год
Беларуская грамадская арганізацыя салдацкіх маці за год атрымлівае па 200-300 трывожных лістоў ад салдат, якія праходзяць тэрміновую службу і іх бацькоў.
“Калі камітэт толькі пачынаў працаваць на пачатку 90-х, то да нас прыходзіла каля тысячы зваротаў, і ўсе з просьбай дапамогі, — кажа кіраўніца гэтай арганізацыі Галіна Чыгрынава. — Цяпер у нас па 200-300 лістоў на год. Часам — больш, а часам і менш. І характар гэтых зваротаў змяніўся, у параўнанні з тымі гадамі. Але яны ўсё роўна ідуць, і мы рэагуем на іх усе. Без увагі не застаецца ніводзін ні пісьмовы, ні вусны зварот да нас, будзьце ў гэтым упэўненыя”.
Грамадская арганізацыя перадае ўсе скаргі вайскоўцаў непасрэдна ў Міністэрства абароны і адсочвае, каб праблемныя пытанні былі вырашаныя. Галіна Чыгрынава дадае, што за гэты год камітэт ужо дапамог больш чым 20 ваеннаслужачым. Некаторых з іх перавялі ў іншыя часткі, некаторых увогуле камісавалі, бо ўзялі на службу з праблемамі ў здароўі.
Тым часам Міністэрства абароны апублікавала статыстыку “па фактах парушэнняў статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, у тым ліку тых, якія не былі спалучаныя з гвалтам”. Як высветлілася, ў 2014 годзе было распачата 13 крымінальных спраў, у 2015 годзе — 27, у 2016 — 17, а за 9 месяцаў 2017 года — 13 крымінальных спраў. Пры гэтым больш за 90% воінскіх частак абыходзяцца без злачынстваў і здарэнняў.