Кампаніі Гуцарыевых і Пракапені інвестуюць 100 млн долараў у сумесныя IT-праекты
Інвестыцыйны фонд Larnabel Enterprises сям'і расійскіх бізнесменаў Гуцарыевых і інвестыцыйная кампанія VP Capital беларускага бізнесмена Віктара Пракапені інвестуюць 100 мільёнаў долараў у сумесныя IT-праекты. Яны будуць рэалізоўвацца ў шэрагу краін Еўропы, у тым ліку ў Беларусі. Мэтай сумесных інвестыцый называецца рэалізацыя перспектыўных інавацыйных праектаў, звязаных са стварэннем і прасоўваннем IT-прадуктаў на базе штучнага інтэлекту, інфармуе БелаПАН.
Гуцарыеў заявіў, што "тэхналогіі штучнага інтэлекту адкрываюць шэраг цікавых інвестыцыйных магчымасцяў, і мы рады пашырыць нашы інвестыцыі ў сферу высокатэхналагічных праектаў". Ён спадзяецца на "высокі прафесіяналізм і глыбокія веды" Пракапені і яго каманды. Беларускі бізнесмен мяркуе, што "новыя тэхналогіі штучнага інтэлекту ўжо ў найбліжэйшыя пяць гадоў зменяць свет гэтак жа, як яго ў свой час змянілі мабільныя прылады і інтэрнэт".
Віктар Пракапеня — заснавальнік і кіраўнік кампаніі Viaden Media, аднаго з найбуйнейшых сусветных вытворцаў праграм для iPhone і iPad. У 2012 годзе ён прадаў за некалькі мільёнаў долараў кампанію ізраільскаму мільярдэру Тэдзі Сагі. Пасля гэтага Пракапеня інвеставаў у распрацоўку праграмных прадуктаў для высокачастотнага маркет-мэйкінгу фінансавых інструментаў, а таксама іншых анлайн-тэхналогій. На працягу некалькіх апошніх гадоў яго ўключаюць у пералік найбольш паспяховых і ўплывовых прадпрымальнікаў нашай краіны.
У 2015 годзе Віктар Пракапеня быў затрыманы ў Мінску паводле падазрэння у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі і ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Аднак у выніку парушэнняў выяўлена не было. Крымінальныя справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў спынілі за адсутнасцю складу злачынства. Справа аб незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці спыненая ўказам кіраўніка дзяржавы. У лютым 2016-га ўсе падазрэнні з Пракапені былі знятыя.