Кампанія Маска плануе запусціць у бліжэйшыя гады да пяці караблёў на Марс
Запуск Starship у чэрвені 2024 года
Кампанія SpaceX плануе запусціць каля пяці беспілотных місій Starship на Марс на працягу двух гадоў. Пра гэта мільярдэр і генеральны дырэктар SpaceX Ілан Маск расказаў у сацсетках. Ад поспеху гэтых беспілотных палётаў будуць залежаць тэрміны першай пілатаванай місіі, дадаў ён. Калі ўсё пройдзе добра, то карабель з экіпажам адправіцца на Марс праз чатыры гады. Калі выявяцца праблемы, то запуск пілатаванай місіі будзе адкладзены яшчэ на два гады.
Раней Маск казаў, што першы беспілотны касмічны карабель прызямліцца на Марсе цягам пяці гадоў, а першыя людзі высадзяцца на Марсе цягам сямі гадоў, адзначае Reuters.
Starship складаецца з двух прыступак: паскаральніка Super Heavy і касмічнага карабля Starship. Першы сумесны выпрабавальны палёт адбыўся ў красавіку 2023 года, але тады прыступкі не раздзяліліся і ракету ўзарвалі ў паветры. Першы паспяховы палёт адбыўся ў сакавіку 2024 года. Starship выйшаў на запланаваную субарбітальную траекторыю. А 6 чэрвеня 2024 года падчас чацвёртага выпрабавальнага палёту абедзве прыступкі ракеты ўпершыню здзейснілі паспяховую мяккую пасадку на ваду ў Індыйскім акіяне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.