Кампанія Nissan хоча звольніць прэзідэнта за хлусню пра яго прыбыткі

Кампанія Nissan хоча звольніць прэзідэнта за хлусню пра яго прыбыткі

Японскі аўтамабільны канцэрн Nissan хоча зняць Карласа Гона з пасады прэзідэнта кампаніі. Прычына ў тым, што менеджар заніжаў свае прыбыткі, перадае Бі-Бі-Сі.

У японскіх СМІ з'явіліся паведамленні пра арышт Гона, але афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма.

64-гадовы Гон — крызісны менеджар, які стаў легендай у сваёй сферы. Ён вядомы тым, што змог вярнуць прыбытковасць некалькім аўтагігантам. У Японіі Гон — герой коміксаў манга.

Пра фінансавыя злоўжыванні Гона паведаміў невядомы інфарматар унутры кампаніі. У Nissan распаўсюдзілі інфармацыю, што на працягу некалькіх гадоў Гон падаваў у афіцыйных звестках заніжаны памер сваіх "кампенсацыйных выплатаў", а дапамагаў яму выканаўчы дырэктар Nissan Грэг Кэлі (ёсць звесткі, быццам таксама арыштаваны).

Сума ўтоеных Гонам выплат, паводле некаторых звестак, дасягае 44 млн. долараў.

Савет дырэктараў канцэрна правядзе ў чацвер галасаванне наконт звальнення Гона.

Карлас Гон займае пасаду прэзідэнта Nissan з 2000 года. Таксама ён з 2005 года з'яўляецца прэзідэнтам Renault, а з 2016-га ўзначальвае раду дырэктараў Mitsubishi Motors. На пачатку 2000-х гадоў прапанаваная ім праграма жорсткага скарачэння выдаткаў дапамагла вывесці Nissan з глыбокага крызісу.

Дарэчы, у 2013-2016 гадах Гон займаў пасаду старшыні рады дырэктараў ААТ "АўтаВАЗ".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі