Камунальныя службы Мінска пераходзяць на ўзмоцнены рэжым працы
Камунальныя службы Мінска пераходзяць на ўзмоцнены рэжым працы. Прычына — рэзкае пахаладанне (да канца тыдня месцамі прагназуецца пахаладанне да -29 градусаў), паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама. Улады сталіцы паставілі задачу забяспечыць ва ўмовах магчымых моцных маразоў бесперабойную падачу цяпла, вады, электраэнергіі і якаснае ўтрыманне гарадскіх тэрыторый.
У Мінску арганізуюць кругласутачныя дзяжурствы аварыйна-аднаўленчых брыгад, прыпыняюць планавыя земляныя працы, каб пазбегнуць рызыкі пашкоджанні інжынерных сетак у складаных умовах надвор'я. Сфарміравана 46 брыгад "па ліквідацыі надзвычайных сітуацый у жылфондзе". У марозныя дні будуць працаваць і 92 брыгады гарадской аварыйнай службы, "Мінсккамунцепласетак" і "Мінскводаканала".
Гарадскія ўлады адзначаюць, што створаны неабходны запас паліва для бесперабойнай работы грамадскага транспарту ва ўмовах моцных маразоў. Яны абяцаюць, што салоны транспартных сродкаў будуць абагравацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.