Камуністы выступілі супраць перайменавання вуліцы Каліноўскага ў Мінску

Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага ў горадзе Свіслач на Гродзеншчыне

Шыльда ў гонар Кастуся Каліноўскага ў горадзе Свіслач на Гродзеншчыне / svaboda.org

Супраць перайменавання вуліцы Кастуся Каліноўскага ў вуліцу 17 верасня выступіў Каардынацыйны савет левапатрыятычных сіл "Адзінства", заўважыла "Наша Ніва". Адпаведны зварот быў дасланы Лукашэнку і шэрагу чыноўнікаў, у тым ліку старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву.

Ініцыятыву перайменаваць вуліцу выказала напрыканцы траўня прарасійская арганізацыя "Рух Саюз", за якой стаяць Мікалай Сяргееў, Леў Крыштаповіч, Сяргей Лушч і Дзмітрый Семчанка. Яны ўнеслі прапанову ў Палату прадстаўнікоў і Мінгарсавет, заяўляючы, што імя паўстанца ў якасці нацыянальнага сімвала прапануюць ворагі рэжыму Лукашэнкі. Ідэю падтрымалі прапагандыст Рыгор Азаронак і дэпутат Вадзім Гігін, вядомы русафільскімі поглядамі.

Аднак камуністы з "Адзінства" заяўляюць, што на асобе Каліноўскага спекулююць "неабандэраўцы і шэраг іншых халуёў сусветнага імперыялізму". Маўляў, савецкія гісторыкі не адвярнуліся ад гэтай асобы, хаця "калабаранты" спрабавалі выкарыстаць Каліноўскага для "антысавецкай прапаганды".

Камуністы абвінавацілі прарасійскіх актывістаў у замоўчванні шматлікіх выказванняў Каліноўскага супраць царскага самадзяржаўя і "паноў", пра яго заклікі да рэвалюцыйнай барацьбы і пра тое, што нават пад шыбеніцай ён крычаў: "У нас няма дваран, у нас усе роўныя!"

Яны звярнулі ўвагу, што савецкія гісторыкі ацэньвалі дзейнасць Каліноўскага станоўча і ягонае імя надавалі вуліцам яшчэ да Перабудовы.

Аўтары звароту пішуць, што неабходнасць вуліцы 17 Верасня не выклікае сумненняў. Але перайменаванне вуліцы Каліноўскага яны лічаць правакацыяй, скіраванай на перапісванне гісторыі краіны. І параўналі гэта з дэсаветызацыяй і дэкамунізацыяй Украіны.

Таксама яны прывялі словы Лукашэнкі наконт Каліноўскага, сказаныя ў 2019 годзе: "Я ведаю ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі, там было вельмі шмат нюансаў. Я сваіх палітыкаў і вучоных перасцерагаю ад таго, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, не ўдарыліся ў нейкую палітыку. Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенешся".

Пад зваротам падпісаліся былы дэпутат, старшыня савета аб'яднання "За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць" Валерый Драко, старшыня грамадскага аб'яднання "Айчына" Васіль Зелікаў, сакратар аб'яднання "За Саюз і Камуністычную партыю Саюза" Леанід Школьнікаў і сакратар каардынацыйнага савета "Адзінства" Генрых Сіманоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі