Канада цалкам легалізавала марыхуану "для забавы”
Канада стала другой краінай свету пасля Уругвая і першай краінай "Вялікай сямёркі", якая легалізавала марыхуану. За прыняцце адпаведнага закону прагаласавала 52 сенатары, 29 былі супраць.
Закон аб легалізацыі марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах уступае ў сілу 17 кастрычніка. Цяпер жыхарам, якім ёсць 18 гадоў, можна набываць, прадаваць, захоўваць і вырошчваць канаплю ў сябе дома. Праўда, захоўваць можа да 30 грамаў канабіса, а вырошчваць — не больш за чатыры расліны канаплі для ўласнага карыстання.
Цяпер “траўку” можна будзе набыць легальна ў крамах і на рынках. У 2017 годзе канадцы патрацілі каля 4 мільярдаў еўра на пакупку нелегальнай канаплі.
З 2001 года ў Канадзе было дазволена выкарыстанне марыхуаны ў медыцынскіх мэтах. У 2015 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі цяперашні прэм’ер Канады Джасцін Трудо абяцаў легалізаваць канабіс. Законапраект, які дазваляе выкарыстоўваць марыхуану ў рэкрэацыйных мэтах, патрапіў у канадскі парламент ў красавіку 2018-га.
Прыхільнікі закону спадзяюцца, што ён дапаможа знішчыць чорны рынак марыхуаны і ўтрымаць падлеткаў ад ужывання канабіса.
Па матэрыялах Deutsche Welle