Кандыдат ад ПБНФ прапануе вярнуць зямлю тым, хто ёй валодаў да 1939 года
Уладзімір Малахоўскі, кандыдат ад Партыі БНФ у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стаў героем абмеркавання ў сацсетках. Апазіцыянер балатуецца на Глыбоччыне, у Заходняй Беларусі. На сваіх улётках ён па-беларуску і па-польску заклікае вярнуць зямлю тым, хто валодаў ёй да 1939 года. Сябе кандыдат пазіцыянуе як паляка.
Карыстальнікаў сацсетак абурыла такая агітацыя. Вядома, што ў Заходняй Беларусі пад польскім кіраваннем зямля нярэдка аддавалася асаднікам, якіх перасялялі з этнічнай Польшчы.
Паракаментаваць гэтую сітуацыю Еўрарадыё папрасіла старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Палітык паведаміў, што абараняць інтарэсы польскіх асаднікаў партыя не збіраецца.
Янукевіч: "Партыя БНФ паслядоўна выступае за вяртанне зямлі (і іншай маёмасці, калі гэта будзе магчыма) у першую чаргу тым людзям, у якіх камуністычная бальшавіцкая ўлада гэтую зямлю адабрала. Калі казаць пра польскіх асаднікаў, натуральна, што мы не з'яўляемся абаронцамі інтарэсаў польскіх асаднікаў".
На думку Янукевіча, вяртанне маёмасці нашчадкам колішніх уласнікаў павінна пільна разглядацца з усімі магчымымі дакументамі. Разам з тым ён не выключае, што нейкая маёмасць пяройдзе ва ўласнасць не беларусаў, а грамадзян Польшчы.
У саміх жа ўлётках Малахоўскага партыйны лідар не бачыць нічога супярэчнага пазіцыі Партыі БНФ. Па яго словах, агітацыя глыбоцкага апазіцыянера грунтуецца на партыйнай платформе "Для беларусаў" і не супярэчыць ёй. "А ў якой форме кожны кандыдат даводзіць гэтую платформу і на чым робіць акцэнты, ён вырашае сам", — дадае Янукевіч.