Кандыдата ад АГП будуць судзіць за рэкламу дазволенай акцыі
Суд над Антонам Жылко пройдзе 24 сакавіка — ён абвінавачваецца ў парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі і кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў затрымалі прыкладна а 16.15 ля ўваходу на станцыю метро “Трактарны завод” у Мінску. Разам са сваёй даверанай асобай Ганнай Канапацкай кандыдат раздаваў запрашэнні на сваю сустрэчу з выбаршчыкамі, запланаваную на той жа дзень а 18.00 у сярэдняй школе № 87, а таксама ўлёткі з заклікам прыйсці на акцыю з нагоды Дня Волі, якую апазіцыя рыхтуецца правесці ў Мінску ўвечары 25 сакавіка.
Нягледзячы на тое, што шэсце і мітынг у Дзень Волі дазволеныя Мінгарвыканкамам, у дачыненні Жылко склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, перадае БелаПАН.