Кандыдатам ад “Народнага рэферэндуму” на выбарах 2015 года будзе жанчына?

Кандыдатам ад “Народнага рэферэндуму” на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года будзе жанчына, піша журналіст польскага выдання “Dziennik. Gazeta Prawna” са спасылкай на “ўласную інфармацыю”. Сярод патэнцыйных кандыдатаў на ролю кандыдата ў прэзідэнты ад “Народнага рэферэндуму” сапраўды ёсць жанчыны, удакладняе намеснік лідара грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Гэта — Алена Анісім і Таццяна Караткевіч. Але ніякага рашэння, што менавіта нехта з гэтых дзеячак і будзе кандыдатам, яшчэ не прымалася.

Дзмітрыеў: “Няма ж пакуль ніякага рашэння, няма пра што казаць. Проста, падчас апошняга Сойма Партыі БНФ сярод кандыдатаў была Анісім. І яе таксама разглядалі ў спісе магчымага кандыдата — яна таксама ёсць у спісе патэнцыйных кандыдатаў. Гэта будзе супольнае рашэння ўсіх чатырох арганізацый (у “Народны рэферэндум” уваходзяць кампанія “Гавары праўду”, Партыя БНФ, Рух “За свабоду” і БСДП “Грамада” — Еўрарадыё). Калі такое рашэнне будзе, калі гэта, напрыклад, будзе Анісім і калі Анісім пагодзіцца, то яна будзе ісці ад усіх чатырох. Як і Караткевіч, якая, як я казаў, таксама ёсць у гэтым спісе”.

Калі ж будзе прынятае канчатковае рашэнне наконт асобы кандыдата ад “Народнага рэферэндуму”, Дзмітрыеў адказаць не здолеў. Па яго словах, усе выдатна разумеюць, што часу да прэзідэнцкіх выбараў застаецца не шмат і што трэба вызначацца з кандыдатам як мага хутчэй. Але пакуль дата, калі такое вызначэнне адбудзецца, не прызначалася. І нават пакуль не абмяркоўвалася.

Нагадаем, па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, сёлетнія прэзідэнцкія выбары адбудуцца не пазней за 15 лістапада. Пакуль пра сваё жаданне ў іх удзельнічаць абвясціў толькі лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі