Кандыдатам у прэзідэнты Беларусі хоча стаць граф
Аляксандр Прушынскі публічна заявіў, што збіраецца ўзяць удзел у прэзідэнцкай гонцы.
У газеце "Народная Воля" з'явіўся зварот графа Аляксандра Прушынскага да Аляксандра Лукашэнкі. Прушынскі заявіў, што намераны прыняць удзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, хаця і ўпэўнены, што выйграць выбары ў Лукашэнкі немагчыма.
Па словах графа, выбарчую кампанію ён намераны выкарыстаць для прапаганды сваіх ідэяў. А ў кандыдата ў прэзідэнты, па яго словах, магчымасцяў для гэтага больш, чым у самага паважанага прафесара беларускай ВНУ.
Прушынскі заяўляе, што прыкладам для эканамічнага развіцця Беларусі павінен стаць Сінгапур. У гэтай краіне за час кіравання Лі Куан Ю дабрабыт насельніцтва вырас у чатыры разы, а беспрацоўе складае 4%. Прыкладам Сінгапура, кажа Прушынскі, скарысталіся Кітай і В'етнам і павінна скарыстацца Беларусь.
Граф Аляксандр Прушынскі нарадзіўся яшчэ да вайны пад Ваўкавыскам. Потым яго сям'я эмігравала. Прушынскі вярнуўся ў Беларусь у 90-х гадах мінулага стагоддзя. Некалькі гадоў таму ён атрымаў нарэшце беларускае грамадзянства.