Стварыць веламіліцыю і забараніць шэрынг: што беларусы прапануюць змяніць у ПДР
Краіне патрэбныя новыя міліцыянеры
"У маёй маці хворыя ногі, сядзячы электрасамакат для яе — адзіны даступны спосаб перамяшчэння"...
Больш за паўтысячы каментароў пакінулі беларусы пад праектам змяненняў у Правілы дарожнага руху на Нацыянальным прававым партале. У публічных абмеркаваннях знайшлося месца як крытыцы, так і прапановам — аж да стварэння веламіліцыі.
Забарона перасякаць пешаходныя пераходы на роварах і электрасамакатах, якія чыноўнікі адносяць да сродкаў персанальнай мабільнасці, па-ранейшаму застаецца самым спрэчным пунктам. Але ёсць і іншыя пытанні — напрыклад, абмежаванне хуткасці СПМ да 25 км/г.
Выказваючыся "за" або "супраць" меркаваных правілаў, беларусы дзеляцца асабістымі назіраннямі і перажываннямі. Яны датычацца як пешаходаў, так і кіроўцаў усіх відаў транспарту, але асабліва — недасканаласці інфраструктуры, "з якой і варта было б пачынаць".
На што менавіта звяртаюць увагу беларусы і якую прапануюць альтэрнатыву чарговым забаронам на дарогах, чытайце ў аглядзе Еўрарадыё.
Каб дабрацца да працы, прыйдзецца спешвацца 41 раз
"Пры перасячэнні праезнай часткі веласіпедыст, кіроўца сродку персанальнай мабільнасці абавязаны спешвацца", — менавіта гэты пункт законапраекта выклікаў найбольшую крытыку ў беларусаў.
"Штодня па маім стандартным маршруце дом — работа ў горадзе Мінску (Каменная Горка — Навінкі) на СПМ я перасякаю праезную частку 41 (пропіссю: сорак адзін) раз, — піша жыхар сталіцы. — Толькі шэсць пераходаў з'яўляюцца рэгуляванымі (абсталяванымі святлафорамі для пешаходаў), тры з іх з'яўляюцца камбінаванымі пешаходнымі і велапераходамі, ні адзін не абсталяваны асобным святлафорам для рэгулявання руху веласіпедыстаў. І гэта ў Мінску!
Ці няма адчування ў законатворцаў, што змены створаць велізарнае мноства складанасцяў для кіроўцаў сродкаў персанальнай мабільнасці? Чым абумоўленае такое ўзмацненне жорсткасці?”
І падобных каментароў у абмеркаванні — некалькі сотняў.
Вось яшчэ прыклад:
"У Брэсце ўсяго два скрыжаванні, дзе ёсць святлафоры, якія рэгулююць веларух. У сярэднім маршрут па горадзе ў веласіпедыстаў горада ад дома да працы і назад — сем кіламетраў. Пры гэтым як мінімум больш за 10 пешаходных пераходаў. Спешвацца на кожным веласіпедыстам і карыстальнікам СПМ будзе вельмі нязручна, адсюль робіцца выснова, што канфліктных сітуацый стане ў разы больш, гэтаксама як і ДТЗ.
Арэнда самакатаў — зло
"Значная частка ўсіх змяненняў ствараецца праз павелічэнне колькасці ДТЗ. Але ніхто не кажа пра тое, што большая частка ДТЗ (па маіх назіраннях, мяркую, лічбы ў раёне 90-95%) — гэта выключна шэрынг-самакаты.
Ва ўказе не хапае пункта забароны арэнды самакатаў, на якіх больш за ўсё было здзейсненых ДТЗ. Бо ў чалавека, які арандуе, не правяраюць стан свядомасці і навыкі кіравання самакатам.
Людзі на сваіх уласных самакатах у большасці выпадкаў паводзяць сябе адэкватна на дарозе (так, дурні ёсць усюды, у тым ліку кіроўцы аўтамабіляў). Рэгулюйце шэрынг самакаты асобна ад прыватных".
Не забараніць арэнду, але абмежаваць
"Прапаную ўвесці правіла: выкарыстоўваць электрасамакаты строга з 18 гадоў. Абавязкова — шлем. Узмацніць кантроль ДАІ на веладарожках. Асабліва, што тычыцца шэрынгу. Пастаянна бачу, як ездзяць па двое і трое, зусім дзеці гадоў па 8-12. Таксама лічу, што трэба забараніць пешаходам выходзіць на веладарожкі".
Пешаходы сталі нахабныя, патрэбны велапатруль!
"Дагэтуль у Беларусі няма выразнай і адназначнай забароны для пешаходаў на выхад на веладарожку і велапераезд. Людзі масава лезуць пад колы на пераездах і веладарожках. Ствараюцца сітуацыі, вельмі небяспечныя для жыцця і здароўя як веласіпедыстаў, так карыстальнікаў СПМ і пешаходаў, якія выходзяць на веладарожкі. Для іх там няма месца. Прапаную: увесці штраф для пешаходаў за хаджэнне па веладарожках і велапераездах. Тое ж самае за катанне па веладарожках на лыжаролерах, на ролікавых каньках, таму што ў такіх выпадках таксама ствараецца небяспека для ўсіх удзельнікаў руху на веладарожках.
На веладарожках у цэлым пануе безуладдзе.
Шэраг асоб ездзіць як хочуць. Не разумеюць, што ёсць правілы абгону, што ўвечары трэба ездзіць з ліхтарыкамі. Нярэдка на чорным ровары ў чорнай вопратцы без флікераў, ліхтароў і катафотаў па неасветленых частках веладарожак ездзяць у цёмны час сутак. У тым ліку гэта робяць на роварах шашэйнага тыпу з вялікай хуткасцю. Неабходна стварэнне веламіліцыі для рэйдаў. Прапаную дазволіць веламіліцыі рухацца на электравеласіпедах з рухавікамі, магутнасць якіх перавышае ўстаноўлены зараз ліміт. Таксама прапаную такім патрулям дазволіць перавышаць хуткасць 25 км/г, каб можна было лёгка дагнаць парушальніка".
Больш сацыяльных відэа
"Выказваю нязгоду ў частцы:
1). Спешвацца на пешаходных пераходах.
2). Канструктыўная хуткасць не большая за 25 км/г.
Каб знізіць аварыйнасць сярод удзельнікаў на сродках індывідуальнай мабільнасці (СІМ) і роварах, трэба рабіць больш сацыяльных відэа з прыкладамі, як удзельнікі дарожнага руху дапускаюць парушэнні або дастаўляюць дыскамфорт іншым удзельнікам дарожнага руху, і прыклады, як трэба дзейнічаць правільна і ў рамках ПДР РБ. Гэтыя відэа павінны быць арыентаваныя на розныя ўзроставыя групы з улікам іх інтарэсаў.
Наша краіна павінна імкнуцца да паляпшэння экалагічнага становішча, для гэтага СІМ і ровары павінны быць зручным відам транспарту".
Канструктыўная хуткасць 25 км/г і монаколы несумяшчальныя
"6 гадоў езджу на розных монаколах і бачу ў іх вельмі перспектыўны гарадскі і не толькі сродак персанальнай мабільнасці. Аднак дадзенае абмежаванне максімальнай канструктыўнай хуткасці руху зробіць усё монаколы па-за законам.
Бо іх прынцып работы для падтрымання балансу прадугледжвае электрарухавік магутнасцю не менш за 800 Вт, што непазбежна вядзе да большай канструктыўнай хуткасці, чым 25 км/г. Монаколы меншай магутнасці з'яўляюцца па сутнасці дзіцячымі: не могуць бяспечна спраўляцца з вагой дарослага чалавека і маюць вельмі малую далёкасць ходу на адным зарадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.