У Беларусі забароняць ездзіць па "зебрах" на роварах. А як у іншых краінах?

Веласіпедысты пераязджаюць праезную частку

Веласіпедысты пераязджаюць праезную частку / unsplash.com

Улады збіраюцца зноў забараніць веласіпедыстам і самакатчыкам ездзіць па пешаходных пераходах. Гэта вынікае з праекта ўказа аб унясенні змяненняў у ПДР, які бурна крытыкуюць сотні беларусаў.

Дазвол не спешвацца на "зебрах" уладальнікі ровараў і іншых сродкаў персанальнай мабільнасці атрымалі ў кастрычніку 2022 года. Па словах прадстаўніка ДАІ, з таго часу колькасць ДТЗ з іх удзелам істотна павялічылася.

Даішнікі кажуць, што менавіта таму дазвол вырашылі "адкаціць". Далей — толькі пешшу.

— Ну вось, зноў мы ва ўсім вінаватыя, — жаляцца ў сацсетках раварысты. — Стала больш ДТЗ? Ну дык прычынай можа быць і сонца, якое ярчэй свяціла, чым год таму, і ў цэлым колькасць удзельнікаў дарожнага руху. Словам, як звычайна: навошта разбірацца, калі прасцей забараніць.

Ува многіх еўрапейскіх краінах закон ураўноўвае веласіпедыстаў і самакатчыкаў, таму правілы дарожнага руху для іх аднолькавыя. Няўжо толькі беларусам забараняецца ездзіць па "зебрах"?

Спойлер — гэта не так.

Чэхія

Паводле закона аб дарожным руху Чэхіі, веласіпедыстам забараняецца ездзіць па пешаходных пераходах. Перасякаючы вуліцу па "зебры", кіроўца павінен спешвацца.  

Парушальнікам пагражае грашовы штраф да 2500 тысяч крон (прыкладна 100 еўра).

Польшча

У польскіх правілах дарожнага руху выразна указваецца, што веласіпедысту як асобе, якая кіруе транспартным сродкам, не дазваляецца рухацца па пешаходным пераходзе. Як і ў Чэхіі, ён абавязваецца злезці з ровара і перавесці яго.

У пералік штрафаў уключаецца палажэнне аб тым, што за рух іншага транспартнага сродку, акрамя аўтамабіля, па тратуары або пешаходным пераходзе прадугледжваецца штраф у памеры да 100 злотых (23,5 Еўра).

В Беларуси запретят ездить по “зебрам” на велосипедах. А как в других странах?
На ровары па Берліне / unsplash.com

Францыя

Як і ў Германіі, нішто не забараняе веласіпедысту ў Францыі пераязджаць "зебру" (пры ўмове, што ён не парушае іншыя правілы). Аднак у гэтым выпадку яны губляюць прыярытэт перад аўтамабілямі, якія набліжаюцца — гэтак сама, як і пешаходы, якія перабягаюць дарогу.

Злазячы з сядзення, веласіпедыст зноў становіцца пешаходам... і, такім чынам, мае прыярытэт перад аўтамабілямі.

Калі на дарозе ёсць пераход для веласіпедыстаў, яны павінны пераходзіць яе менавіта там, а не па "зебры".

Нідэрланды

Напэўна, нават калі вы не былі ў гэтай краіне, то ўсё роўна чулі, колькі там раварыстаў. І кожны год у адным толькі Амстэрдаме адбываецца некалькі смяротных ДТЗ з іх удзелам.

Паводле логікі беларускіх чыноўнікаў, правілаў дарожнага руху там проста не існуе.

Але ж не.

Правілы тут ёсць, і яны аналагічныя нямецкім і французскім. На пешаходным пераходзе чалавеку трэба вызначыцца, хто ён — веласіпедыст ці пешаход.

Каб мець прыярытэт на дарозе, лепш за ўсё злезці з ровара. Калі вы хочаце пераехаць "зебру", пачакайце, калі зможаце зрабіць гэта бяспечна, не замінаючы іншым удзельнікам дарожнага руху. Будзьце ўважлівыя і саступайце дарогу пешаходам.

Італія

Італьянскія ПДР наўпрост не вызначаюць, як веласіпедыстам перасякаць пешаходныя пераходы. Ёсць пункт, дзе пазначаецца, што веласіпедысты павінны спешвацца толькі ў выпадку ўзнікнення перашкод або небяспекі для пешаходаў. Такім чынам, калі на пешаходных пераходах няма людзей, веласіпедыстаў не абавязваюць спешвацца. 

Іспанія

У Іспаніі веласіпедысты маюць прыярытэт перад аўтатранспартнымі сродкамі падчас руху па веласіпеднай паласе, веласіпеднай дарожцы або пазначанай узбочыне. Ва ўсіх астатніх выпадках яны абавязаныя паважаць прыярытэт іншых удзельнікаў дарожнага руху, усталяваны правіламі і знакамі.

В Беларуси запретят ездить по “зебрам” на велосипедах. А как в других странах?
Законы, якія будуць парушаць / unsplash.com

Спачатку інфраструктурапотым забароны

Паводле правілаў дарожнага руху, якія дзейнічаюць у згаданых краінах Еўропы, перасякаць пешаходны пераход на ровары забараняецца не толькі ў Беларусі. Там, дзе такой забароны няма, у выпадку ДТЗ пешаход усё роўна ў прыярытэце. Больш за тое, ён нават можа паскардзіцца на веласіпедыста, які перашкодзіў яму перайсці дарогу.

Чаму ж так узрушыліся беларусы?

Калі параўноўваць з іншымі краінамі, трэба разумець, што тут зусім іншая інфраструктура, — тлумачыць прадстаўнік веларуху Беларусі Руслан (імя змененае). — Я не кажу нават пра роварную інфраструктуру. Шмат у якіх краінах веласіпедыстам нельга ездзіць не толькі па "зебрах", але і па ходніках — для гэтага ёсць веладарожкі. А там, дзе іх няма, веласіпедысты ездзяць па дарогах разам з аўтамабілістамі. У многіх еўрапейскіх гарадах ёсць спецыяльныя дарожкі, па якіх веласіпедыстам дазваляецца пераязджаць праезную частку, усталяваныя спецыяльныя знакі і святлафоры.

У Беларусі пакуль інфраструктура не так развітая. Ездзіць па дарогах нельга, а ў маленькіх населеных пунктах тратуары наогул не прызначаныя для язды.

Так што, як па мне, трэба пачынаць з агульнай інфраструктуры, а не з пешаходных пераходаў, якіх нават у адным Мінску вельмі шмат — веласіпедыстам даводзіцца марнаваць процьму часу, каб спешвацца і пераходзіць іх.

Забароняць перасякаць "зебры" на роварах ці не — людзі ўсё роўна будуць гэта рабіць, як і раней. Атрымліваецца, што, вяртаючыся да старых правілаў, улады ствараюць сітуацыю, пры якой людзі так ці інакш будуць парушаць закон. Навошта гэта рабіць, я не разумею. Часцей за ўсё перад пераходам веласіпедысты ацэньваюць сітуацыю, бо самі зацікаўленыя тым, каб не патрапіць у ДТЗ. Так што статыстыку, пра якую кажуць у ДАІ, трэба вывучаць больш дэталёва.

Забараніць веласіпедысту пераязджаць пешаходны пераход, каб не было здарэнняў, — гэта тое ж самае, што ўзяць і абавязаць аўтамабіліста глушыць рухавік на скрыжаванні, а потым зноў заводзіць. Ну а што, гэта таксама скароціць колькасць ДТЗ на скрыжаваннях. Чаму б так не рабіць?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі