Прадугледжаныя дакументацыяй: у Мазыры знакі паставілі проста на шляху ровараў
Дарожныя знакі на веладарожцы
У Мазыры знакі на перасячэнні новай веладарожкі з аўтамабільнай дарогай і з прыпынкам паставілі проста на шляху веласіпедыстаў. "Добрая веладарожка, але чамусьці з перашкодамі", — каментуюць мясцовыя раварысты.
Сапраўды, звычайна знакі пачатку і заканчэння веладарожкі стаяць побач з палосамі руху раварыстаў, а не на іх шляху. Але не ў Мазыры.
На думку Уладзіслава, які даслаў Еўрарадыё фота незвычайнага рашэння дарожнікаў, "знакі і слупкі — гэта перашкоды для раварыстаў, і яны робяць веладарожку больш небяспечнай. Асабліва ў моманты, калі неабходна размінуцца раварыстам, якія рухаюцца ў розных напрамках".
Слупкі варта прыбраць з веладарожкі, а знакі — зрушыць убок, каб яны не перагароджвалі дарогу, што будзе больш бяспечным, упэўнены раварыст. Ён запоўніў заяўку ў 115.бел, але там яе адхілілі з прыпіскай "слупкі і знакі стаяць згодна з праектам".
"Раварыст не павінен ехаць на гэты слупок"
Еўрарадыё звярнуліся ў ДРБУ №152 горада Мазыра — менавіта яно — генпадрадчык па вуліцы Ульянаўскай, дзе знаходзіцца веладарожка.
— Ёсць праекціроўшчыкі, якія вызначылі, куды паставіць гэтыя слупкі. Раварыст не павінен ехаць на гэты слупок. Перад перасячэннем праезнай часткі ён павінен спешыцца, а потым ехаць далей, — лічыць галоўны інжынер упраўлення Аляксандр Круглякоў. — Праект прайшоў экспертызу, я праектнае рашэнне выканаў, якія да мяне пытанні?
Інакш кажучы, замест таго, каб зрабіць велапераезд, дарожнікі разам з праекціроўшчыкамі прапануюць раварысту спыніцца, злезці з ровара, перакаціць яго праз уезд у двор, вярнуцца ў сядло і зноў набіраць хуткасць. І так да наступнага перарывання. На хвілінку, гэта на дарожцы, прызначанай спецыяльна для раварыстаў. Зразумела, што паездка ў такіх умовах (злезь з ровара — сядзь на ровар, спыніся — разганіся) ператвараецца ў сур'ёзнае выпрабаванне.
Праекціроўшчык веладарожкі — УКБ Мазырскага раёна. Там кажуць, што аб'ект яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю і заключэнне абласной ДАІ яшчэ не атрымана, але ў глабальным сэнсе дарожка зроблена, і нейкія змены ўжо наўрад ці ўнясуць.
— Што да слупкоў, то яны прадугледжаны праектна-каштарыснай дакументацыяй у адпаведнасці з тэхнічнымі ўмовамі, выдадзенымі абласной ДАІ, — кажа намеснік начальніка аддзела тэхнічнага нагляду УКБ Юрый Касцючэнка. — Наяўнасць іх абавязковая, бо яны паказваюць пачатак і канец веладарожкі.
— Але рашэнне скончыць веладарожку, а пасля адразу ж пачаць — спрэчнае, не?
— Праектнае рашэнне, яно, можа быць, і спрэчнае. Але праект распрацоўвалі праекціроўшчыкі на падставе нормаў і дзейнага заканадаўства. Калі ў іх не атрымалася не перарываць веладарожку, а менавіта пакінуць прыпыначны пункт — значыць, гэта было зроблена па нейкім з патрабаванняў. А перш за ўсё — гэта бяспека дарожнага руху.
Усё па нормах і дзейным заканадаўстве. Мы і не сумняваліся.
Або парушэнне ўсё ж ёсць?
Як лічыць удзельнік Мінскага роварнага таварыства Максім Пучынскі, устаноўленыя знакі супярэчаць дзяржаўным стандартам. А менавіта раздзелу "Правілы прымянення дарожных знакаў" стандарту "СТБ-1300". На яго думку, у стандарце выразна напісана, што калі ўмовы абмежаваныя, то знакі павінны ставіцца на апорах, якія забяспечваюць размяшчэнне над праезнай часткай, тратуарам, пешаходнай або веласіпеднай дарожкай.
Таксама пастаўленыя ў Мазыры знакі супярэчаць здароваму сэнсу, які кажа, што паездка на ровары павінна быць максімальна зручнай для раварыста. Ровар — экалагічны від транспарту, і гарадскія ўлады быццам бы павінны быць зацікаўлены ў развіцці веларуху. Дык навошта ж яны ствараюць на шляху раварыстаў дадатковыя перашкоды? Таму што могуць?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.