Сэрвіс для адпраўкі лістоў у калоніі прызналі экстрэмісцкім
Лісты
Сайт, праз які беларусы пісалі і дасылалі лісты палітычным зняволеным, прызналі экстрэмісцкім. Гаворка пра сайт і сацыяльныя сеткі сервіса "Пісьмо.бел". Такое рашэнне прыняў суд Партызанскага раёна.
"Письмо.бeл" дазваляў дасылаць лісты зняволеным наўпрост са сваіх электронных прыладаў. Не трэба было нічога пісаць ад рукі ці ісці на пошту. Трэба было толькі напісаць ліст у спецыяльнай форме, пры жаданні — дадаць малюнкі. А стваральнікі праекта астатняе рабілі самі.
Папраўдзе, нягледзячы на тое, што палітзняволеныя маюць законнае права на атрыманне лістоў, вядома, што шмат каго з іх трымаюць без магчымасці перапісвацца і бачыцца са сваімі блізкімі.
Менавіта праз тое, што лісты не даходзяць да зняволеных, яшчэ ў 2022 годзе спыніла працу іншая ініцыятыва — "Лісты ў клетачку". Яе арганізатары не атрымлівалі адказаў ад адрасантаў лістоў, таму ўзнікла пытанне пра мэтазгоднасць працы. Прычым лісты не даходзілі як на волю, так і да палітвязняў.
“У тых, хто выходзіць на волю, мы цікавімся — ці атрымлівалі яны нашы лісты. І даволі часта аказваецца, што не атрымлівалі. Нам вельмі не хочацца проста спансіраваць "Белпошту" і выкідаць у скрыню тысячы канвертаў і лістоў, а таксама марнаваць грошы людзей і час валанцёраў", — пісалі тады арганізатары ініцыятывы.
Па-другое, валанцёраў, якія застаюцца ў Беларусі, з кожным днём станавілася усё менш. А людзей, прызнаных палітвязнямі, — усё больш.
Але на той момант гэта быў не адзіны сервіс. Той самы "Пісьмо.бел" працягваў працу. Але цяпер сам факт напісання ліста праз яго будзе прызнавацца экстрэмізмам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.