У Гаагу перадалі новыя доказы датычнасці Лукашэнкі да вывазу дзяцей
Украінскія дзеці ў в\ч 3214 ВВ МУС Беларусі
Украінскія праваабаронцы з Freedom House Ukraine і цэнтра правоў чалавека ZMINA перадалі ў Міжнародны крымінальны суд новыя дакументы, якія тычацца непасрэднага ўдзелу беларускіх уладаў "у перамяшчэнні, палітычнай індактрынацыі і мілітарызацыі больш чым 2200 дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый". Пра гэта паведаміў кіраўнік Freedom House Ukraine Юрый Юркевіч.
Ён падзякаваў за дапамогу ў падрыхтоўцы дакументаў BELPOL і калегам з праваабарончага цэнтра "Вясна". Само расследаванне, паводле яго, будзе апублікаванае 4 кастрычніка.
У верасні кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка казаў "Позірку", што ў Беларусь было дэпартавана больш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з больш чым 20 населеных пунктаў. У тым, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь, прызнаўся ў верасні і Аляксандр Лукашэнка, калі прымаў у сябе кіраўніка так званай "Данецкай Народнай Рэспублікі" Дзяніса Пушыліна. Пры гэтым ён заявіў, што дзяцей прымаюць "сюды на лячэнне, адпачынак", і потым паскардзіўся, што яму за гэта пагражаюць судом.
У чэрвені 2022 года выданне sb.by апублікавала рэпартаж пра візіт дзяцей з так званых "ДНР" і "ЛНР" у вайсковую часць 3214 унутраных войскаў МУС Беларусі. Дзеці пазіравалі перад фотакамерамі са зброяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.