У войску створаць падраздзяленне з "разумных, талковых, моцных людзей"
Аляксандр Лукашэнка спадзяецца на айчынныя беспілотнікі
У беларускім войску створаць новае падраздзяленне, укамплектаванае кантрактнікамі. Пра гэта ў аўторак паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Ён не стаў удакладняць, што менавіта за гэта за падраздзяленне.
"Шукаючы добрых спецыялістаў, мы вырашылі стварыць яшчэ адно падраздзяленне, — гаварыў Лукашэнка. — Тых разумных, талковых, моцных людзей, але ўжо дарослых, на кантрактнай аснове, якія прайшлі калісьці службу ў арміі ці ў нейкіх падраздзяленнях".
Паколькі падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі на Абуз-Лясноўскі палігон яму паказвалі беларускія беспілотнікі, іх баявыя магчымасці, сродкі барацьбы з імі, то, магчыма, новае падраздзяленне можа спецыялізавацца на БПЛА. Ды і міністр абароны Віктар Хрэнін гаварыў, што "важна выбудаваць уласную сістэму прымянення беспілотнікаў і процідзеяння ім".
Таксама 24 верасня Лукашэнка заявіў, што "сістэма абароны краіны" ўжо створана. Згадаў войска, тэрабарону і так званае "народнае апалчэнне". Усё гэта правяраецца, "каб не было паказухі". Аляксандр Лукашэнка ўскладае пэўныя надзеі на былых байцоў спецпадраздзяленняў. Цяпер яны на асаблівым уліку. "Гэтая спецпадрыхтоўка вельмі дорага нам каштавала", — сказаў ён.
І гэта яшчэ не ўсё. Па словах Лукашэнкі, "паляўнічых у нас шмат, яны павінны мець сваё падраздзяленне са сваёй зброяй". І дадаў: "Дзе мы падрыхтуем лепшых снайпераў, чым у іх?". Але загадаў не траціць лішнія грошы на падрыхтоўку: "Мы так эканоміку пакладзем, у нас народ-жабрак будзе хадзіць".
Была анансаваная праверка сітуацыі не толькі ў войску (яго Аляксандр Лукашэнка хоча "страсянуць"), але таксама ў МУС і КДБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.