Кандыдатамі ў прэзідэнты хочуць стаць настаўніца і рэкламшчыца (відэа)

Увечары 16 ліпеня стала вядома, што ў ЦВК здадзеныя дакументы ўжо 9 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Апошнімі гэта зрабілі Жанна Раманоўская і Ірына Першына, асобы, якія ў палітычнай прасторы невядомыя.

Як даведаўся БелаПАН, Ірыне Першынай 35 гадоў, у яе ёсць муж і сын. Яна — спецыяліст па рэкламе. Працуе ў кампаніі Royal House Imagemaker. Менавіта яе працоўны калектыў і вылучыў Першыну. Кампанія спадзяецца, што гэтыя выбары дазволяць іміджмейкерам атрымаць "незабыўны вопыт удзелу ў палітычным піяры".

"Наша ніва" паразмаўляла з Жаннай Раманоўскай. Яна ўхілілася ад адказаў на пытанні пра яе праграму, стаўленне да канфлікту на Данбасе. Прызналася толькі, што працуе настаўніцай. Высвятляецца, што яшчэ 7 ліпеня на YouTube з'явіўся відэазварот Раманоўскай пра яе намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі.

Нагадаем, раней у ЦВК падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Сяргея Гайдукевіча, Андрэя Канаўца, Таццяны Караткевіч, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Мікалая Статкевіча. Сёння апошні дзень прыёму дакументаў. Як чакаецца, ЦВК наведаюць прадстаўнікі яшчэ некалькіх ініцыятыўных груп.

Фота: naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі