Кандыдатаў з былой судзімасцю абавяжуць пісаць пра гэта ў сваіх улётках

Кандыдатаў у дэпутаты і прэзідэнты абавяжуць пісаць у аўтабіяграфіі на ўлётцы звесткі пра сваё крымінальнае мінулае, калі яно было. Адпаведныя прапановы па ўнясенні зменаў у выбарчае заканадаўства паступілі днямі ў Палату прадстаўнікоў.

“Няхай выбаршчыкі ведаюць, што вось гэты грамадзянін, да прыкладу, быў двойчы асуджаны за тое, што рабаваў людзей. І будуць вырашаць тады — галасаваць за яго ці не!” тлумачыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Праўда, перш чым выдаць пасведчанне кандыдата, біяграфіі асоб з крымінальным мінулым будуць правяраць з дапамогай міліцыі.

Мікалай Лазавік: “Па кожным чалавеку, які меў судзімасць, будзем рабіць запыты, і нам органы ўнутраных спраў будуць даваць канкрэтныя адказы — пагашаная ў адносінах да гэтага чалавека судзімасць альбо не. І калі ў грамадзяніна маецца не знятая і не пагашаная судзімасць, то ён, у адпаведнасці з законам, не можа быць кандыдатам у дэпутаты, кандыдатам у прэзідэнты”.

Балатавацца па-ранейшаму змогуць тыя, у каго судзімасць пагашана. А гэта залежыць ад цяжкасці злачынства, тэрміну пакарання і іншых фактараў. Судзімасць пагашаецца праз пэўны час пасля вызвалення. Рашэнне, праз які час канкрэтна, прымае наглядная камісія згодна з 97-м артыкулам Крымінальнага кодэкса.

Ці змогуць ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года тыя, хто быў асуджаны за Плошчу-2010?

Віталь Рымашэўскі: “Ні я, ні іншы сустаршыня БХД Павел Севярынец, па меркаванні Лазавіка, такім чынам не трапляем пад катэгорыю грамадзян, якія могуць балатавацца. Мне будзе забаронена — я ведаю дакладна, што да наступных выбараў судзімасць з мяне не будзе знятая, мы кансультаваліся з юрыстамі”.

Калі Рымашэўскага на наступных выбарах не зможа падмяніць Павел Севярынец, то не лепшая сітуацыя і ў Някляева: пад “абмежаванне палітычных правоў” трапляюць і ўсе тры яго намеснікі — Андрэй Дзмітрыеў, Аляксандр Фядута і Сяргей Вазняк.

Праўда, ёсць у Уладзіміра Някляева ў "Гавары праўду" скандальны моладзевы актывіст Павел Вінаградаў. Яму, паводле слоў Мікалая Лазавіка, можна балатавацца кандыдатам на выбарах нягледзячы на безліч адміністрацыйных спраў і сутак на Акрэсціна.

Мікалай Лазавік: “Калі гэта адміністрацыйнае пакаранне, то яно не ўплывае на вылучэнне кандыдатам”.

Але нават калі цябе зарэгістравалі кандыдатам, то паўтарыць вопыт 2010 года і падчас агітацыйнай кампаніі заклікаць людзей да байкоту выбараў не удасца — гэтую магчымасць у апазіцыянераў-байкотчыкў канчаткова забіраюць.

Мікалай Лазавік: “Гэта норма Канвенцыі аб свабодных і дэмакратычных выбарах у СНД — кандыдат, калі ён зарэгістраваны кандыдатам, павінен агітаваць за сваё абранне, за ўдзел у выбарах. Нейкія агітацыйныя дзеянні за зрыў, перанос выбараў лічацца парушэннем заканадаўства”.

І вядуць да страты пасведчання кандыдата — для ўдзельніка кампаніі, а для простага чалавека — да  пакарання за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах”.

Дарэчы, Лазавік не выключае, што караць будуць нават ананімных байкотчыкаў за адпаведныя заклікі на форумах і праз сацыяльныя сеткі. Калі іх вылічаць. Праўда, міліцыянты апошнім часам старанна набіраюцца вопыту ў гэтым кірунку.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі